Выходзіць альбом «біяіерогліфаў» Мілы Коткі «Verbum naturae»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.03.2026
- 79

Колькі год таму 34mag размаўляў з Мілай Коткай пра тое, як мастачка і стваральніца легендарнай Vulica Brasil перазбірае сябе, вынаходзячы новы арт-спосаб перапрацоўваць рэальнасць. Цяпер выдавецтва TAMAKA прапануе пазнаёміцца з плёнам яе працы ў фізічным, кніжным увасабленні.
У «Verbum naturae» Міла Котка прадстаўляе новую візуальную мову, свае біяіерогліфы, створаныя з лісця, раслін, камянёў падчас падарожжаў па свеце. Гэтыя сімвалы не маюць выразна акрэсленых значэнняў – яны факусуюцца на асабістых пачуццях і рэзанансе.


«Зафіксаваныя ў фота, відэа і VR непасрэдна перад тым, як распадуцца і вернуцца ў прыроду, гэтыя сімвалы адлюстроўваюць жыццёвы цыкл: нараджэнне, існаванне (у выглядзе арт-аб’ектаў) і распад, – тлумачаць стваральнікі выдання. – Міла Котка спалучае прыроду з тэхналогіямі, этыкай, эстэтыкай, духоўнымі ідэямі і навукай, шукаючы баланс паміж крайнасцямі і фіксуючы гэтую далікатную гармонію ў выглядзе біяіерогліфаў. Гэтая мастацкая практыка ператварае прыродныя кампазіцыі ў глыбокую і асабістую мову, на якой прырода размаўляе з намі».
Кніга выходзіць накладам у 500 асобнікаў. Прыдбаць свой можна на сайце выдавецтва TAMAKA.
Фота: tamaka.eu