«Нефільтраванае кіно» сёлета пройдзе ў чатырох сталіцах
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.03.2026
- 141

ХІІ фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно» пройдзе з 28 сакавіка па 25 красавіка ў Варшаве, Вільні, Берліне і Хельсінкі.
Працытуем анонс: «У гэтым годзе “Няфільтр” запрашае гледачоў падчас фестывалю заняць месца Адысея, які загадаў прывязаць яго да мачты... Адорна і Хоркхаймер інтэрпрэтавалі Адысея і сірэн як нараджэнне заходняга суб’екта: прывязаны да мачты, ён чуе, але не можа дзейнічаць; яго весляры, спажыўнікі масавай культуры, вушы якіх (…) напоўненыя воскам, наадварот, дзейнічаюць, але не могуць чуць. Запрашаем разбурыць сцены іерархіі і перажыць досвед Адысея і яго спадарожнікаў зноў, каб зрабіць уласны выбар».
Дванаццаты «Няфільтр» складаецца з сямі праграм:
«Скрозь гукі сірэн» – «калектыўная медытацыя» на тэму сучаснага гарадскога жыцця;
«Прыручаныя алгарытмы» – кіно, створанае з дапамогай штучнага інтэлекту;
«Пад ціскам» – фільмы, дзе звыклая рэальнасць разбураецца пад ціскам знешніх абставін і ўнутраных дэманаў;
«Метанаратывы разам з Food&Footage» – прастора, у якой «блукальнае кіно знаходзіць часовы дом у рытуале сумеснага харчавання»;
«Кіно-арэлі» – падборка ігравога кароткага метра, ад больш традыцыйнага да эксперыментальнага;
«Блізкія адлегласці» – кіно пра далікатнасць унутранага парадку, ілюзію кантролю і тую «першую расколіну», пасля якой нішто ўжо ніколі не можа быць ранейшым;
«Solo Soul Sauna» – фінскае эксперыментальнае і дакументальнае кіно.
Расклад і падрабязнасці – на сайце фестывалю.
Фота: «Я нарадзіўся» / Эліна Айкары (Фінляндыя)