Спыніся і пачні: як пасябраваць з пчоламі?

Асцярожна! Высокая імавернасць, што пасля гэтага выпуску нашай нерэгулярнай рубрыкі пра хобі ты захочаш стаць чалавекам-пчалой. Размова пойдзе пра незвычайны від пчалярства. Калі ты цікавішся прыродай, любіш працаваць рукамі і перспектыва паўдзельнічаць у жыцці рою выглядае для цябе прывабна, магчыма, пчалярства ў кушках – твая тэма. Пра гэты занятак нам распавёў Міхаіл Волчак, які сябруе з пчоламі з дзяцінства, а апошнія два гады стварае для іх саламяныя сусветы.

 

Што такое кушкі?

Кушкі – гэта не борці і не тыя прывычныя драўляныя ці пластыкавыя дамкі, якія напэўна трапляліся табе дзе-нідзе на палях. Кушка – гэта даволі вялікі кошык, сплецены з вярбы ці саломы, перавярнуўшы які дагары нагамі атрымаем выдатны домік для пчол, сапраўдны вулей.

Каб зрабіць кушку больш утульнай і цёплай, можна абмазаць сценкі звонку спецыяльным растворам з каровіных бліноў, але — супакоім — гэта выключна па жаданні. Адзінай правільнай схемы ці формы для кушак няма. «Гэта цалкам slow дызайн», – кажа Міхаіл. Пчолы таксама не дзейнічаюць па ўзоры. Калі яны засяляюць свой новы саламяны домік, то самастойна будуюць соты, і часта соты ў кушках нагадваюць хвалі. Відаць, пчолы не падзяляюць любові чалавека да прамых ліній і абсталёўваюцца ў больш вольным стылі.

 

 

Дзе ўсталёўваюць кушкі?

Натуральна, што перакулены вулей-кошык не мае дна, у кушкі няма падлогі. Каб у саламянага доміка з’явіўся фундамент, усталяваць яго трэба на нізкі драўляны памост. Пажадана ў месцы, якое патэнцыяльна спадабаецца пчолам. Дзе-небудзь на ўзлеску, у садзе, у зацішным месцы побач з дрэвамі. Міхаіл, напрыклад, дамаўляецца з сябрамі, якія маюць свае дамы і надзелы пры іх. Можна арандаваць зямлю ў лясніцтве.

Абавязкова трэба ўлічваць, што пчолам неабходная прастора. Хоць вуллі і нагадваюць шумныя мегаполісы, жыхары якіх снуюць туды-сюды, насамрэч кожны рух у роі невыпадковы і мае дакладную мэту. Адна з іх – збор нектару. Звычайна пчолы шукаюць яго ў радыусе паўтара-двух кіламетраў ад вулля. Гэта прыкладна 2000 тваіх крокаў. Таму лепш за ўсё размяшчаць кушкі па сістэме хутароў – на дастатковай адлегласці ад іншых вулляў, а не ляпіць іх побач адна з адной, нібы панэлькі. Пагадзіся: пчолкі вартыя элітнага жылля.

 

«Пчолкі вартыя элітнага жылля»

 

Адкуль у кушках бяруцца пчолы?

«Здаецца кушка. Нядорага» – пэўне, на такую аб’яву зляцеўся б рой-другі, які марыць з’ехаць ад сваякоў. У пчаліным свеце ўсё няпроста, і насамрэч жылля не хапае. З развіццём прамысловага пчалярства пастаянна з’яўляюцца сем’і, якія шукаюць сабе новы дом. Але да крылатых кватэранаймальнікаў патрабуецца свой падыход.   

Спачатку трэба завабіць беспрытульных у часовае жытло. Спецыяльны домік-каробку на дрэве. «Сценкі кораба для найбольшай прывабнасці можна нацерці пахкімі травамі. Напрыклад, мелісай ці багуном», – дзеліцца лайфхакам Міхаіл.

Калі пчолы прапісаліся ў часовым жыллі, можна перавозіць іх у пастаяннае – ва ўтульную прасторную кушку, якая была зроблена спецыяльна для іх. Далей застанецца толькі спадзявацца, што рою спадабаюцца саламяныя апартаменты і ён застанецца ў іх жыць. Калі так, віншуем, ты заснаваў(-ла) новы пчаліны сусвет.

 

 

Калі паямо мёд?

Кушкі – гэта непрамысловы від пчалярства. Мёд у саламяным доміку прызначаны ў першую чаргу для саміх пчол. Як зазначае Міхаіл, каб перазімаваць, рою патрэбны запас прыкладна 20 кілаграм.

Пасля пераезду ў кушку пчолы пачынаюць з нуля, таму на новым месцы ў іх шмат працы. Уладкавацца, пабудаваць соты, разведаць мясцовасць, назбіраць нектар і – бесперапынна махаць крыльцамі, каб выпарыць з яго ваду. За жыццё пчала вырабляе менш за паўлыжачкі мёду, у сярэднім 1–2 грамы. Ведаючы гэта, лыжка ўжо не падымаецца забіраць такі каштоўны прадукт.

 

«За жыццё пчала вырабляе менш за паўлыжачкі мёду»

 

У чым сэнс такога пчалярства?

Па словах Міхаіла, кушкі – гэта пра стварэнне, а не пра спажыванне. Ад пачатку ты робіш усё сваімі рукамі. Пляцеш кушку з натуральных матэрыялаў, усталёўваеш яе, засяляеш туды пчол. Па-другое, атрымліваеш магчымасць у непасрэднай блізкасці назіраць за жыццём рою. На свае вочы пабачыць, якімі высокаарганізаванымі з’яўляюцца пчолы, якое адладжанае ў іх жыццё, як яны ў сплеценым табой доміку будуюць соты. І вось кушка – гэта ўжо ваша агульная справа.

Таксама гэта выдатны спосаб заняць сябе і запаволіцца ў сучасным увесь час імклівым свеце. Толькі пляценне кушкі зойме ў цябе гадзін з дзесяць. А да гэтага трэба яшчэ адшукаць і падабраць матэрыялы. Скажам шчыра, не так проста знайсці высакаякасны арганічны каровін блінец.

«Пчалярства ў кушках навучыць цябе цярплівасці, – дадае Міхаіл. – Таму што ўзаемадзейнічаць з пчоламі можна толькі на іх умовах. І тут цябе чакае шмат выклікаў. Які дызайн абраць для саламянага доміка? Дзе знайсці для яго добрае месца? Якімі травамі нацерці сценкі і як іх найлепш уцяпліць? Самае галоўнае перажыванне: ці спадабаецца ўсё гэта рою? Ці пагодзіцца ён застацца і жыць у зробленай табой кушцы?»

Карацей, займаючыся кушкамі, ты будзеш працаваць як тая пчала, але ёсць у тым вялікае задавальненне.

 

 

Як пачаць?

Калі цябе зацікавіла пчалярства ў кушках, то перш за ўсё паспрабуй знайсці свайго сэнсэя – чалавека, які перадасць табе не толькі практычныя навыкі, але і свой светапогляд, культуру паводзін з пчоламі. Раней, калі пчалярства было сямейнай справай і перадавалася з пакалення ў пакаленне, веды так і пераходзілі ад старэйшых малодшым. Дапамагаючы дасведчанаму чалавеку клапаціцца пра вуллі, ты будзеш пераймаць вопыт.

Вядома, перад гэтым добра падцягнуць і тэарэтычную частку. Тут да тваіх паслуг тэматычныя сайты, каналы – абірай і падпісвайся на тое, што адгукаецца. Адвучыцца можна і на курсах, і ў навучальных установах. Гэта калі табе будзе прыемна паставіць у рамку дыплом пчаляра.     

Знайсці дасведчаных у пчалярстве людзей і даведацца пра пчол больш можна на розных фестывалях ды кірмашах. Таксама праз майстар-класы і экскурсіі на пасекі. Варта прыгледзецца да анлайн-кам’юніці па тэме пчалярства. Там ёсць магчымасць сустрэць тых, да каго можна будзе паехаць на пасеку і падвучыцца.

Звернем увагу, што кушкі пакуль не так распаўсюджаны, як драўляныя домікі-вуллі, таму тут табе прыйдзецца добра пагугліць на беларускай, рускай, ангельскай, польскай. Слоўнічак у дапамогу: «кушка» па-расейску «сапетка», па-англійску – «skep», а па-польску – «kószka».

 

Спіс карысных рэсурсаў ад Міхаіла па тэме:

  Па-беларуску

  Па-польску

  Па-англійску

 

Фота: з асабістага архіва Міхаіла Волчака. Фота на галоўнай: Heather McKean / Unsplash