З’явіўся партал з беларускімі казкамі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.03.2026
- 71

На старонках інтэрнэт-архіва Акадэміі навук цяпер можна пачытаць аўтэнтычныя беларускія казкі або паслухаць іх у выкананні людзей з розных вёсак.
Казкі алічбаваў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Кіраўніца праекта – Таццяна Валодзіна.
Запісы былі зробленыя з канца 1960-х да 2000-х. Казкі раскладзеныя па катэгорыях: кумулятыўныя (па тыпу «Дом, пабудаваны Джэкам»), чарадзейныя, легендарныя, сацыяльна-бытавыя, казкі пра жывёл, небыліцы.
Каб сабраць столькі матэрыялу на адной пляцоўцы, навукоўцам давялося зрабіць маштабную працу, занурыцца ў архівы, у тым ліку замежныя. Некаторыя казкі ты, напэўна, пачуеш тут упершыню.
Гэтым уражальным (а часам і вельмі кранальным) архівам навукоўцы намагаюцца актуалізаваць традыцыі народнай казкі як інструмента захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. «Міфалагічныя вытокі беларускай казкі сягаюць часоў індаеўрапейскай еднасці і акцэнтуюць даўнія абрады ініцыяцыі. З такога бачання казка паўстае як спецыфічны код культуры, эвалюцыйна правераны своеасаблівы механізм пераводу хаосу першапачатковых інстынктаў ва ўпарадкаванае цэлае казачнага ўніверсуму», – пішуць стваральнікі праекта.