Мастак Аляксандр Адамаў: «Мне трэба гэты свет памацаць»

30-гадовы Аляксандр Адамаў з Магілёўшчыны цяпер жыве ў Варшаве, дзе працуе з інсталяцыяй, аб’ектамі, сцэнаграфіяй, 3D, перформансам, кіно і тэатрам. Сам ён кажа, што робіць няшмат завершаных работ, затое пастаянна эксперыментуе з матэрыяламі, прасторай і тым, як адна і тая ж ідэя паводзіць сябе ў розных кантэкстах. Сустрэліся з Аляксандрам, каб пагутарыць пра яго эксперыменты.

Апошнія гады значная частка гэтых эксперыментаў збіраецца вакол «hyperMother». Па сваёй сутнасці гэта выдуманая інстытуцыя клопату, сістэма, якой чалавек паступова дэлегуе адказнасць за ўласны стан. «Гіпермаці» абяцае вызваліць яго ад пастаяннага самакантролю і самааптымізацыі, але адначасова ставіць пытанне, у які момант клопат ператвараецца ў кантроль.

Праект вырас з персанальнай выставы «HYPERREALISTIC MOTHER», паказанай у Познані ў 2025–2026 гадах, але паступова перастаў змяшчацца ў межах адной выставы. Цяпер Адамаў думае пра яго хутчэй як пра сістэму, якая можа працягваць разрастацца.

У Варшаве, у межах Warsaw Gallery Weekend, Адамаў збірае фрагмент выдуманага санаторыя «hyperMother»: нешта паміж фае і залай чакання, са спецыяльным святлом, гукам, аб’ектамі і ўласнымі «працэдурамі». Мы пагаварылі пра тое, як выпадковая думка становіцца работай, навошта мастаку прыдумляць сабе альтэр-эга, чаму няўдача можа быць цікавейшая за акуратны вынік і што адбудзецца, калі «hyperMother» аднойчы перастане быць толькі мастацкім праектам.

 

 

Як працаваць са «смеццем ад уласнай мазгавой дзейнасці»

– Збоку выглядае, што ты часта бярэш нешта зразумелае – сімвал, сістэму, наратыў, – знаходзіш у ім шчыліну і прымушаеш сумнявацца ў тым, што здавалася відавочным. Пазнаеш у гэтым свой падыход? З чаго пачынаецца работа?

– Недзе так яно і працуе. Наколькі я сам магу гэта адрэфлексаваць, у мяне пастаянна ёсць уяўленне пра тое, што адбываецца навокал. Яно насычаецца дробнымі назіраннямі, сустрэчамі, размовамі, тым, што я ўбачыў. Потым усё гэта акумулюецца ў сітуацыю, з якой мне самому трэба знайсці выйсце, неяк паставіць яе ў рамкі.

Мне трэба гэты свет памацаць. Убачыць, як ідэя з’яўляецца ў жыцці, працуе яна ці не працуе, гаворыць нешта ці не. Часта мне недастаткова прыдумаць рэч у галаве. Трэба зрабіць яе фізічна і паглядзець: добра, цяпер яна існуе і што будзе далей?

Напрыклад, у 2021 годзе я прыдумаў ідэю сімвала, які можа фізічна схавацца сам у сабе. Умоўна: ёсць лічба дзевяць, ты яе пераварочваеш – і атрымліваецца шэсць. Калі ты не ведаеш зыходнай пазіцыі, перад табой ужо іншы знак.

Мне стала цікава, ці можна тое самае зрабіць з вельмі пазнавальным сімвалам. Я ўзяў крыж. Купіў дубовыя дошкі, распілаваў іх і зрабіў складны крыжык. Яго можна было скласці так, што крыж нібыта знікаў у форме самога аб’екта. Мне важна было проста ўбачыць гэтую ідэю ў прасторы.

Пазней у Польшчы я вярнуўся да яе ўжо ў іншым кантэксце і зрабіў крыж-канапу. На ім можна сядзець, чакаць, карыстацца ім як мэбляй – і адразу ўзнікае яшчэ некалькі пластоў, якіх у першапачатковай ідэі не было.

Іншы варыянт – калі думка ўзнікае ўвогуле без падрыхтоўкі. Аднойчы вельмі рана зімой мяне разбудзіў Марсэль, мой сабака, яму трэба было ісці гуляць. І так, з раніцы, раптам падумаў: а чаму не дадаць крыжы на менструальную чашу? Мне ў той момант гэта падалося проста смешным. А потым пачынаеш думаць далей, і тое, што было выпадковым жартам, абрастае іншымі сэнсамі.

 


Фота: KANAPLEV+LEIDIK – adamau.eu

 

Часам ідэя прыходзіць з кнігі ці размовы, часам – вось так. Я называю гэта смеццем ад уласнай мазгавой дзейнасці. Пытанне ў тым, ці застанецца яно смеццем, ці захочаш ты пакруціць і паглядзець, што там ёсць.

 

«Куратар мастацтвазнаўцаў»

– Доўгі час ты працаваў з гэтым «смеццем» праз альтэр-эга «куратара мастацтвазнаўцаў». Адкуль ён узяўся?

– Я глядзеў нейкае інтэрв’ю з Мішам Гуліным, і ён сказаў, што нам не хапае куратараў, мастацтвазнаўцаў. Але ў вуснай мове пунктуацыі няма, і я пачуў гэта інакш: «не хапае куратараў мастацтвазнаўцаў». Добра, няхай будзе «куратар мастацтвазнаўцаў» – чалавек, які курыруе саміх мастацтвазнаўцаў. Мне падалося, што гэта смешна, але пры гэтым у назве была цалкам працоўная ўнутраная логіка.

Мой «куратар мастацтвазнаўцаў» загаварыў вельмі лёгка і ўпэўнена. У яго быў просты прынцып: калі нешта ўжо існуе, значыць, яно для нечага спатрэбілася. Калі аб’ект зрабілі, выбралі, паставілі, значыць, шмат людзей неяк сышліся ў адным месцы і часе, каб ён з’явіўся. Таму замест таго, каб адразу сказаць: «Гэта кепска», – трэба паспрабаваць разгадаць, чаму яно стала магчымым. Так можна было дайсці даволі далёка.

 

«На “Восеньскім салоне” я мог сур’ёзна разважаць пра тое, як падбіраць не карціну пад канапу, а канапу пад карціну»

 

Напрыклад, на «Восеньскім салоне» я мог сур’ёзна разважаць пра тое, як падбіраць не карціну пад канапу, а канапу пад карціну. Калі карціна ўжо ёсць, значыць, яна галоўная. Застаецца знайсці ёй правільную канапу. І «куратар мастацтвазнаўцаў» мог гэта вельмі пераканаўча растлумачыць.

 

 

– Ён яшчэ існуе?

– Так, але падаецца, ён застаўся ў Беларусі: з іншымі культурнымі наратывамі гэта ўжо так не працуе. Там ён мог, напрыклад, убачыць конкурс на стэлу пры ўездзе ў Полацк, дзе выбіралі паміж танкам, гадзіннікам і кветнікамі, і пачаць сур’ёзна разважаць, навошта выбіраць нешта адно, калі можна ўсё сумясціць: паставіць танк так, каб яго дула працавала як стрэлка сонечнага гадзінніка, а вакол высадзіць дванаццаць кветнікаў замест лічбаў. У гэтым і была яго логіка: калі нешта ўжо існуе, трэба разгадаць, чаму яно стала магчымым.

 

 

«Эксперыментаваць да апошняй кропкі»

– Цяпер у тваіх праектах стала значна больш матэрыялаў, канструкцый, 3D, складаных прастораў. Што змянілася?

– У пэўны момант мае вельмі розныя навыкі – тэхнічныя, мануальныя, сцэнаграфічныя – пачалі складацца разам. Стала больш магчымасцяў эксперыментаваць. Я ўвогуле раблю вельмі мала работ, але вельмі шмат эксперыментаў. Проста большасць з іх людзі ніколі не бачаць.

Я эксперыментую, калі працую ў кіно, у тэатры, з іншымі людзьмі [з 2019 года Адамаў працуе сцэнографам у тэатральных і кінапраектах. – заўв. рэд.]. Магу рабіць аб’ект для вітрыны і ўсё адно нешта там правяраць. Знайсці матэрыял у майстэрні, злучыць яго з іншым, разабраць, перарабіць. І калі такіх спроб шмат, уласна практыка робіцца гусцейшай. Не таму, што я выпускаю дзясяткі гатовых работ, а таму, што паміж імі адбываецца вельмі шмат усяго.

 

«Мне важна захаваць права аблажацца»

 

– У чужых праектах ты пры гэтым лёгка прымаеш чужыя правілы. А ў сваіх – ужо не?

– У тэатры мне хочацца зразумець рэжысёра і дапамагчы яму зрабіць тое, што ён хоча. У кіно таксама ёсць свая сістэма, каманда, метады працы. У калектыўнай выставе я магу цалкам аддаць рашэнне куратару. Мне цікава: добра, ты выбраў менавіта гэтую маю работу, паставіў побач з гэтым мастаком – ну зрабі. Пакажы мне, што ты бачыш. Я сам так не зрабіў бы, таму мне і цікава.

А калі гэта мой персанальны праект, у мяне амаль няма абмежаванняў, там я буду эксперыментаваць да апошняй кропкі. Нават калі нешта не атрымаецца. Калі я буду ўпэўнены, што там быў сапраўдны эксперымент, мне гэта будзе цікавей, чым калі я загадзя ўсё спрасціў, каб дакладна атрымаўся прыгожы вынік. Мне важна захаваць права аблажацца.

 

 

Ад «HYPERREALISTIC MOTHER» да «hyperMother»

– Здаецца, акурат «HYPERREALISTIC MOTHER» у Познані была праектам, дзе ты напоўніцу скарыстаўся сваім правам на эксперымент. З чаго яна пачалася? І чаму «маці»?

– У той выставе «маці» для мяне ўжо не была літаральнай маці ці канкрэтнай жанчынай. Мне была цікавая сама логіка клопату. Сітуацыя, у якой пра цябе клапоцяцца настолькі добра, што паступова пачынаюць вырашаць за цябе: дзе табе быць, што табе трэба, калі табе адпачываць, што для цябе бяспечна. Гэта можа выглядаць вельмі мякка і камфортна. Ніхто цябе ні да чаго не прымушае. Наадварот, усё нібыта зроблена дзеля цябе. Адсюль і «HYPERREALISTIC MOTHER». Гэта ўжо не проста маці, а гіпербалізаваная сістэма клопату – настолькі развітая, што пачынае сама асвойваць прастору вакол чалавека.

– Калі ты зразумеў, што «гіпермаці» не скончыцца адной выставай?

– Напэўна, ужо пасля «HYPERREALISTIC MOTHER» у Познані. Я адчуў, што гэта не тая гісторыя, якая адбылася і скончылася. Раней мае акцыі і перформансы часта былі сітуацыйнымі: нешта ўзнікала, адбывалася і даволі хутка рассмоктвалася. А тут засталіся пытанні, да якіх мне ўвесь час хочацца вяртацца.

Дарэчы, на «гіперрэалістычную маці» ў Познані я патраціў са свайго бюджэту ў чатыры разы больш, чым меў бюджэту ад горада. І ні секунды не пашкадаваў. Яна ўсё адно месцамі выглядае бруднай, недаробленай, але мне страшэнна падабаецца. Там застаўся ўвесь гэты згустак эксперыменту, без страху аблажацца.

 

«Я патраціў са свайго бюджэту ў чатыры разы больш, чым меў бюджэту ад горада. І ні секунды не пашкадаваў»

 

– Пры гэтым ты казаў, што правяраеш выставачную прастору «на ўсёеднасць». Гэта таксама частка логікі «hyperMother»?

– У Познані я набыў канапу і не заўважыў, што на ёй вялікая пляма. Паспрабавалі адмыць – не атрымалася. І я падумаў: ну добра, пляма ёсць. Яна тут магчымая? Магчымая. Без яе гэты пакой існуе, з ёй – таксама. Можа, ён трошкі змяняецца, калі нехта яе заўважае, але нічога прынцыповага не адбываецца. Мне якраз цікава правяраць, што яшчэ можа тут застацца і не выпасці з гэтай прасторы.

 

 

Выкінуты пакой

– У новай частцы «hyperMother» ёсць вобраз «выкінутага пакою». Не закінутага, а менавіта выкінутага.

– Я пра гэтыя выкінутыя пакоі думаю ўжо даволі даўно. Мы нават зрабілі для «hyperMother» гульню пра пінгвінаў, дзе адзін з такіх пакояў можна выпадкова сустрэць па дарозе – як фрагмент іншай прасторы, які апынуўся не на сваім месцы.

Але асабліва гэтая думка ў мяне замацавалася, калі я быў на Мазурах, у Мамерках. Там на тэрыторыі былой нямецкай ваеннай стаўкі зрабілі поўнамаштабную рэпліку Янтарнага пакоя, які знік падчас Другой сусветнай вайны. І мяне вельмі ўразіла, як гэта выглядае: цэлы палацавы інтэр’ер проста стаіць пасярод лесу, з камарамі, балотамі і вялікай колькасцю турыстаў.

Гэта татальны фэйк, цалкам вырваны са свайго месца, а людзі ходзяць па ім з захапленнем. І я думаю: гэта цудоўна. Тут ёсць усё. Мой пакой таксама ў гэтым сэнсе выкінуты.

 

«Гэта татальны фэйк, цалкам вырваны са свайго месца, а людзі ходзяць па ім з захапленнем»

 

– І што ты тады хочаш ад чалавека, які ўваходзіць у гэты пакой?

– Я ўвогуле не вельмі разумею, што такое глядач як нешта асобнае. Я ж сам глядач сваіх работ. Мне таксама хочацца іх убачыць.

Часта, каб нешта для сябе зразумець, мне трэба спачатку гэта зрабіць, а потым адысці і паглядзець збоку. Дакладна я больш патрабавальны глядач сваіх работ, але ўсё адно глядач. Таму ад іншага чалавека я не чакаю пэўнай рэакцыі. Мне хутчэй важна, каб выстава яму не замінала. Каб ён мог там быць, нешта рабіць, дыхаць, глядзець, як гэта робяць іншыя, або проста сядзець і назіраць.

– І ўсё гэта павінна працаваць падчас Warsaw Gallery Weekend, калі ў адзін пакой могуць адначасова зайсці дзясяткі людзей.

– Так, я пра гэта думаў. Таму не хацеў моцна забудоўваць прастору. Наадварот, стараўся пакінуць яе як мага больш адкрытай. А далей у людзей усё роўна ёсць свая сінергія. Усе ж неяк заходзяць у трамвай: штурхаюцца, размяркоўваюцца, потым усе больш-менш выходзяць. Думаю, яны разбяруцца.

 

 

Санаторый

– Ты гаворыш пра «hyperMother» як пра праект, які яшчэ доўга будзе з табой. Наколькі далёка гэта можа зайсці?

– У мяне ёсць думка, што да майго пенсійнага ўзросту, а мо і раней, гэты інстытут, санаторый – ці як ён тады будзе называцца – стане рэальным. Туды можна будзе прыехаць. І ён будзе існаваць паводле сваіх законаў, якіх я пакуль не ведаю.

Я не ўпэўнены, ці будзе гэта нешта сапраўды функцыянальнае, ці яно да канца застанецца мастацкім. Можа быць па-рознаму. І я ўжо ўвогуле сумняваюся, што паміж мастацкай і калямастацкай практыкай ёсць такая выразная мяжа.

– А колькі такіх вялікіх эксперыментаў можаш вытрымаць ты сам?

– Зараз у мяне фактычна атрымаліся два вялікія персанальныя праекты амаль адзін за адным: скончылася выстава ў Познані, цяпер гэтая. Пакуль трэцяй на гарызонце няма. Мне гэта ўжо густавата.

Думаю, буду пакідаць сабе права на такі эксперымент раз на год. А лепш раз на два гады, бо вельмі вымотвае. Але зусім без гэтага, здаецца, не атрымаецца. Мне патрэбна сітуацыя, калі я сам да канца не ведаю, чым усё скончыцца. Каб потым самому прыйсці, паглядзець і падумаць: добра, дарагія, што мы тут нарабілі?

 

Фота: Віка Адамава