Беларускі запусцілі ютуб-падкаст пра сучаснае мастацтва

  • 11.05.2026
  • 228

Выйшаў пілотны выпуск «СучАрту» — незалежнага беларускага падкасту пра сусветнае мастацтва.

Міждысцыплінарная мастачка, куратарка, заснавальніца Беларускага Дома Графікі Святлана Петушкова і галоўная рэдактарка Chrysalis Mag, арт-журналістка Паліна Юргенсон размаўляюць тут пра арт-скандалы, фэйкі, адмены мастакоў, тык-ток-трэнды і іншае. Фармат — ніякай цэнзуры і снабізму, а беларускае мастацтва натуральна ўпісваецца ў сусветны кантэкст.

Сярод беларускіх тэм першага выпуску — магчымая знаходка невядомай карціны Язэпа Драздовіча, Далі ў Менску і падробкі, якія трапілі ў беларускія музеі, а таксама пакупка на барахолцы згубленай карціны А.Р.Ч. за 20 рублёў.

 

 

Святлана Петушкова:

— Мы вырашылі стварыць ютуб-канал пра сучаснае мастацтва, паколькі ў расейска- і беларускамоўным медыяасяроддзі цяпер няма нічога падобнага. Мне, напрыклад, стала зусім няма чаго глядзець на ютубе, не магу знайсці цікавага для сябе кантэнту. Між тым на арт-сцэне кожны дзень адбываюцца цікавыя падзеі, інтрыгі, скандалы, якія вельмі хочацца абмеркаваць. І я думаю, што валодаю гэтымі паўнамоцтвамі, паколькі сама знаходжуся на арт-сцэне, маю шмат ведаў, нагледжанасць і добрую мастацкую адукацыю.

Паліна Юргенсон:

— Планаў на падкаст поўна. У бліжэйшых — калабарацыі з еўрапейскімі інстытуцыямі культуры і арт-мерапрыемствамі. Мы ўжо зрабілі першыя крокі ў гэты бок: пілотны выпуск запісалі ў віленскай галерэі GoDo, далей плануем «міграваць» у іншыя прасторы і браць іх у партнёры, здымаць на буйных івэнтах і даваць кантэкстуальныя агляды гучных тэм арт-свету. У крыху больш аддаленых планах — запрашаць у падкаст гасцей. Хочам уключаць людзей з іншых сфер дзейнасці ў абмеркаванне мастацтва і глядзець на пытанне з розных перспектыў.