Нічога асабістага. Пра высокаэфектыўнае мастацтва з ахопамі і «павестачкай»
- 18.08.2026
- 41
Ты таксама стаміўся(-лася) ад кан’юнктурнага мастацтва «пад грант»? Не ў захапленні ад агрэсіўнага прасоўвання некаторых дзеячаў(-ак)? Хочаш нешта сапраўды адчуць, успомніць, як гэта — калі цябе працінае моц мастацтва і нешта перакульвае ўнутры? Культурная менеджарка Вольга Цяшкевіч піша пра набалелае.
«А якія ў вас ахопы?»
Свет ніколі яшчэ не быў такі багаты на лёгкадаступныя магчымасці для творчасці. Ты можаш запісаць альбом, зняць кліп на айфон і выкласці ўсё гэта анлайн, не выходзячы з уласнай спальні. Дзясяткі опэн-колаў і адукацыйных праграм на любы густ, колер і гендарную прыналежнасць штодзень сыплюцца ў тваю стужку як з рога дастатку.
Аднак у карнавале магчымасцяў муляе маленькае непрыемнае «але»: ёсць культура — а ёсць інфраструктура вакол яе, і тое, як гэтая інфраструктура працуе, каго і за кошт чаго яна прасоўвае, вызначае, на жаль, не мастак, не музыка, не пісьменнік. Пра сацсеткі і алгарытмы не будзем — гэта тэма для асобнай размовы. Сёння пагаворым пра жывых людзей і інстытуцыі, якія нібыта занятыя падтрымкай культуры.
Адразу спойлер: мецэнатаў, якія шчыра выступаюць за мастацтва і даюць творцам свабоду выказвання і прастору для гнуткасці, — адзінкі (такі падыход патрабуе немалога маштабу асобы, а з асобамі ў сучасным свеце тугавата). Інстытуцыі збольшага падтрымліваюць не мастацтва, а ідэі, якім мастацтва, на іх думку, мусіць служыць. Мастацтва тут адно інструмент, і, як любы інструмент, яно павінна быць эфектыўным.
«Адкрываеш любую форму заяўкі ад якога-небудзь фонду — і разумееш: тваё мастацтва само па сабе нікога не цікавіць»
Адкрываеш любую форму заяўкі ад якога-небудзь фонду — і ўжо па тым, як сфармуляваныя пытанні, разумееш: тваё мастацтва само па сабе нікога не цікавіць. Каб мець права існаваць і атрымліваць падтрымку, тваё мастацтва абавязкова мусібыць карысным. Выконваць пэўныя функцыі і вырашаць задачы. Прасоўваць адпаведны парадак дня. Укараняць інавацыі. Прыводзіць да вымяральных сацыяльных зменаў. Прэтэндаваць на неабсяжныя ахопы дзеля павышэння дасведчанасці і суправаджаць іх дакументальнымі пацверджаннямі. Апошнім часам яшчэ стала модна спалучаць мастацтва з навуковымі даследаваннямі і ставіць яго на службу вырашэнню якіх-небудзь экалагічных праблем.
Назваўся артыстам — будзь ласкавы выконваць KPI і вырашаць пытанні, якія ўладары свету пры ўладзе і грошах вырашыць не могуць. Інакш ты дарма ясі свой хлеб.
«Перазапакуйцеся»
Не хочаш гуляцца з опэн-коламі — ёсць іншая гульня, не менш цікавая ў эпоху бясконцага патоку інфармацыі і татальнага дэфіцыту ўвагі: самапрадзюсаванне. Творцаў шмат, а талковых менеджараў і куратараў на ўсіх не хапае, ды і тыя, хто ёсць, рана ці позна схіляюцца да таго, што трапляе ў трэнды, бо яно, відавочна, будзе прадавацца лепш. І тут, выходзіць, ад бізнэс-логікі не збегчы.
Індустрыя, як можа, дапамагае самастойным аўтарам: адукацыйныя праграмы па самапрадзюсаванні перапоўненыя лексікай кшталту «запітчыць», рэкамендацыямі здымаць мемныя рылсы для TikTok і парадамі, як зразумела сябе спакаваць і слушна размаўляць з бізнэсмэнамі на іх мове, таму што толькі мастацтва, відаць, павінна валодаць мовай бізнэсу, а бізнэсу разумець мову мастацтва зусім не абавязкова.
Бізнэс (і шоу-бізнэс) размаўляе на мове прыбытку, ахопаў, акупнасці інвестыцый і ўсюдыісных KPI. Ды і няхай сабе размаўляе. Праблема ў тым, што ў момант, калі артыст вымушаны думаць пра ахопы больш, чым пра сутнасць свайго выказвання, мастацтва перастае быць мастацтвам. І становіцца ў лепшым выпадку рамяством, дзе 20% займае ўласна творчы працэс, а астатнія 80% — дадатковы суправаджальны «крэатыў» і танцы з бубнам, каб хоць неяк прыцягнуць увагу да сваіх праектаў. 80%, якія спальваюць велізарную колькасць унутраных рэсурсаў (а часта і фінансавых) — і далёка не заўсёды прыводзяць да хоць якога выніку. Геніем сёння хутчэй назавуць не таго, хто бясконца таленавіты, а таго, хто здолее прыцягнуць і ўтрымаць увагу людзей, якія маюць уплыў. Самі куратары пішуць у сваіх блогах: «Талент не адыгрывае вырашальнай ролі. Важней, як ты сябе спакуеш і падасі».
«Геніем сёння назавуць не таго, хто бясконца таленавіты, а таго, хто здолее прыцягнуць і ўтрымаць увагу людзей, якія маюць уплыў»
Да чаго гэтае ныццё, спытае нехта? Заўсёды так было, гэта жорсткае асяроддзе: як кажуць, хто здох — той лох, нічога асабістага, і (як, у прынцыпе, і ўсюды) тут вырашае маркетынг і колькасць энергіі, якую ты можаш сабе дазволіць у гэта ўкласці.
Ды і наогул, мастацтва падчас усёахопнага гамону — такая неабавязковая рэч. Што кепскага ў тым, каб яно хоць бы прыносіла карысць грамадству?
Рэч у тым, што мастацтва прыносіць карысць грамадству па факце свайго існавання. Але складана разглядзець і ацаніць тую карысць, калі мы ідзём спажываць мастацтва так, быццам выправіліся на рынак па прадукты і чакаем адпаведнасці нашым чаканням, замест таго каб ісці ў прастору глыбіні і сэнсу, сімвалаў і метафар; замест таго каб дазволіць сабе быць закранутымі чымсьці, што можа змяніць нас знутры. Складана ацаніць карысць, калі мы кажам мастаку: «Ну давай, здзіўляй мяне», — замест таго каб самахоць паглыбіцца і здзівіцца. Складана ацаніць карысць, калі мы чакаем, што мастак выкладзецца напоўніцу і зменіць свет за талерку супу, і нават не намагаемся заўважыць, як той яго ўжо змяняе. Самыя важныя, тонкія змены немагчыма ўкласці ў ахопы і занесці ў справаздачу. І праблема тут не ў «карысці» мастацтва, а ў патрабаванні загадзя вызначыць, што ёсць карысцю і як яна вымяраецца.

Якія альтэрнатывы?
Добрая навіна ў тым, што процівага гэтай сістэме ўжо з'яўляецца — там, дзе нехта вырашае, што мастаку не абавязкова спачатку даказаць сваю карыснасць, каб атрымаць права гаварыць. Яна з'яўляецца ў такіх краінах, як Ірландыя, дзе эксперыментуюць з безумоўным даходам для творчых людзей і нечакана выяўляюць, што свабоднае мастацтва дабратворна ўплывае на эканоміку краіны.
Процівага з'яўляецца на незалежных fringe-фестывалях, дзе галоўным крытэрыем становіцца не адпаведнасць інстытуцыйнаму парадку дня, а наяўнасць уласнага голасу.
І ў адукацыйных ініцыятывах і блогах накшталт будапешцкай School of Disobedience, якая стварае альтэрнатыву традыцыйнай акадэмічнай адукацыі і не патрабуе ад артыстаў ні напханага рэгаліямі CV, ні ідэальна адшліфаванага партфоліа (зірні іх маніфест тут).
Гэтая процівага жыве ў незалежных арт-прасторах, маленькіх выдавецтвах, DIY-лэйблах, кватэрных выставах, самаробных фотакнігах, музычных праектах, запісаных у спальні, і ва ўсіх месцах, дзе яшчэ памятаюць, што мастацтва – не дадатак да грантавай заяўкі, абавязаны быць зручным і эфектыўным.
І, напэўна, у гэтых альтэрнатыўных прасторах сёння часцей нараджаецца нешта сапраўды жывое – там, дзе ў аўтара ёсць права аблажацца, працягваць шукаць, эксперыментаваць, змяняць напрамак, задаваць нязручныя пытанні і не ўпісвацца ў гатовыя катэгорыі.
«Мы можам паралельна ствараць іншую экасістэму»
Гэтая процівага наўрад ці пераможа саму сістэму. Ды і не факт, што ў мастацтва павінна быць такая задача. Але мы цалкам можам паралельна ствараць іншую экасістэму. Купляць білеты на канцэрты незалежных музыкаў, купляць кнігі невялікіх выдаўцоў. Прыходзіць на выставы маладых мастакоў. Распавядаць адно аднаму пра тых, каго ўпарта ігнаруюць алгарытмы. Знаёміць сваіх сяброў-творцаў з тымі, каму можа быць цікава іх падтрымаць (такое амбасадарства часта працуе лепш, чым калі артысты прыходзяць самі).
І калі мы самі нешта ствараем — не чакаць дазволу рабіць дзіўнае, нязручнае, нефарматнае і нібыта нікому (пакуль) не патрэбнае. Памятай: амаль усё жывое ў культуры, усё, што калісьці рухала яе наперад, некалі выглядала менавіта такім – аўтсайдарскім.
Фота: saniamurashka