На выставе ў Грацы пакажуць 225 кілаграмаў беларускай зямлі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.02.2026
- 81

19 лютага ў аўстрыйскім Грацы адкрываецца выстава беларускай мастачкі Цемры, дзе будуць прадстаўленыя 225 кілаграмаў беларускай глебы і шкляны флакон-«насенне» з экстрактам роднай зямлі.
Праект «Ziamliačka» аб’ядноўвае інсталяцыю і перформанс. Экспазіцыя трымаецца на двух выразных аб’ектах: глебе, транспартаванай з Беларусі, сабранай у форме кургана і змешчанай у мінімалістычны шкляны куб, а таксама шкляным флаконе з эсэнцыяй, атрыманай з той самай глебы.
Мастачка выкарыстоўвае ў сваёй працы анфлераж: пах глебы пераносіцца ў тлушчавую аснову, пасля чаго фіксуецца ў спірце. Так узнікае эсэнцыя-«запіс» – амаль чысты эфірны алей, які ўтрымлівае шматлікія сэнсы. Пах паўстае над камамі зямлі як асаблівы спосаб нешта запомніць, захаваць, архіваваць.
Выстава ладзіцца ў шкляной прасторы Kunsthaus Graz. У празрыстай архітэктуры курган беларускай зямлі размяшчаецца на фоне аўстрыйскіх гор і сам становіцца гарой. Флакон выступае крохкім кантрапунктам да гэтай беларускай «вяршыні».
На адкрыцці Цемра пакажа перформанс, звязаны з праектам: гэта будзе паэтычна-меланхалічнае выкананне беларускай калыханкі. Голас выступіць як спроба вяртання да інтымнай прасторы бяспекі.


Калі можна паглядзець: з 20 лютага да 15 сакавіка. Адкрыццё — 19 лютага ў 18:00.
Дзе: Kunsthaus Graz, прастора Needle. Падрабязнасці – на сайце ўстановы.