8 пытанняў коўчу пра працу ў 2026-м

  • 17.12.2025
  • Аўтар: 34mag
  • 161

Пагутарылі з коўчам і псіхатэрапеўткай, каб разабрацца, як не згубіцца на рынку працы, зменшыць трывожнасць і адшукаць згубленыя сэнсы.  

Таццяна Дзямчук – гештальт-тэрапеўтка ў навучанні. З 2016 года была занятая ў HR, у 2020-м адвучылася на коўча і працуе ў тым ліку з кар’ернымі запытамі. У 2024 годзе запусціла падкаст «Праца-Ваца», у якім размаўляе з гасцямі пра іх кар’ерны шлях, а таксама дзеліцца ўласнымі «праца-роздумамі» (раім паслухаць, напрыклад, пра тое, як перажыць страту працы, або пра сіндром самазванца). Таня падкрэслівае, што яе падкаст у першую чаргу не пра натхненне, а пра тое, як усё насамрэч няпроста. Асноўную каштоўнасць шоу яна бачыць у тым, каб мысліць пра сам феномен працы, а таксама сэнсы, з ім звязаныя.

 

З якімі запытамі па тэме працы людзі прыходзяць часцей?

– Адна з вялікіх праблем людзей, якія мысляць, — страта сэнсу ў тым, што робіш. Людзі спрабуюць знайсці згублены сэнс або агулам не разумеюць, як жыць, калі не бачыш сэнсу ў сваёй працы.

Часты запыт – выгаранне. Неяк у адказ на пост пра выгаранне на LinkedIn мне напісалі: «Але толькі працаголікі зарабляюць грошы». Гэта кшталт кагнітыўнага скажэння. У нашы капіталістычныя часы, калі ты працаголік – ты нібыта малайчына. Але працагалізм – гэта не што іншае, як ухваленая грамадствам залежнасць.

Сярод запытаў – «Як зайсці ў айці?» і «Як выйсці з айці?». Падобнае заўважала таксама ў некамерцыйных арганізацыях, з якімі мела справу: адны людзі хацелі ўвайсці ў сферу НКА, іншыя, наадварот, выйсці – напрыклад, запусціць бізнэс.

Увогуле пытанне працы вельмі шматслойнае. Напрыклад, можа быць запыт «я не магу пачаць». І ты бачыш, што чалавек шмат усяго ўмее, але ў глыбіні адчувае сорам: «я недастатковы», «я няварты». Парады кшталту «проста вазьмі і зрабі» робяць толькі горш, бо чалавека гэта дадаткова фруструе. Калі людзі адчуваюць, што нешта не так, то няма сэнсу мяняць стаўленне да працы (яго змяніць нельга) – трэба мяняць спосаб узаемадзеяння са светам.

 

 

Чым адметны рынак працы сёння?

– Свет дынамічны, вельмі хутка з’яўляюцца і змяняюцца прафесіі. Хто ў нашым дзяцінстве ведаў, што некалі людзі будуць зарабляць мільёны, гуляючы на стрымах? Такіх прафесій проста не існавала. Сучасныя даследаванні кажуць, што цяпер чалавек за жыццё будзе мяняць пяць прафесій мінімум – такое немагчыма было ўявіць у часы нашых бацькоў.

Людзі таксама змяніліся, у іх іншыя каштоўнасныя арыенціры. Сучаснае пакаленне думае не толькі пра тое, каб зарабляць грошы. Некалькі год таму людзі на сумоўях пачалі задаваць пытанні, якія ніколі раней не ставіліся: «Ваша кампанія камусьці дапамагае? Якая ў вас карпаратыўная сацыяльная адказнасць (КСА)?» Сучасны чалавек мае доступ да ўсёй інфармацыі ў свеце, бачыць, што ў ім адбываецца, і хоча не заставацца ўбаку.

Доступ да псіхалогіі і псіхатэрапіі таксама ўплывае: людзі трымаюць больш увагі на сабе і сваім ментальным здароўі. А паколькі свет стаў больш нявызначаным, мы маем шмат трывогі. Адсюль вынікае запыт «Як знайсці стабільнасць у нестабільным свеце?». У кнізе «Сэнс трывогі» Рола Мэй разбірае, як змяняецца змест гэтага ўсёахопнага пачуцця ў розныя часы, і мне блізкае меркаванне, што сёння трывога – гэта яшчэ і адказ на свабоду. Чым больш свабоды – тым больш трывогі. Існуе шмат мемаў пра зумераў і ўсеагульную дэпрэсію, але становішча цалкам зразумелае, калі ўявіць, колькі на гэтых людзях фрустрацыі.

 

Зумеры не ўмеюць працаваць?

– Зумеры выйшлі на рынак працы ўжо сем гадоў як, сёння гэта асноўная катэгорыя працаўнікоў, і калі вы не ўмееце з імі працаваць, то на што вы ўвогуле разлічваеце? Гэта як скардзіцца на Chat GPT, замест таго каб прыняць яго існаванне і нешта з гэтым рабіць. Бізнэсам трэба думаць над формамі ўзаемадзеяння з працаўнікамі, над камунікацыяй.

Адказныя за працу заўсёды два бакі, а ў гэтых бакоў заўсёды існуе канфлікт патрэбаў. Бізнэс атрымлівае час, працаўнікі атрымліваюць грошы, але важныя патрэбы і першага, і другіх. Бізнэс мусіць запытваць у людзей, што ім важна, а працаўнікі мусяць выконваць прынятыя імі абавязацельствы. Любое пытанне пра межы і адказнасць вырашаецца праз камунікацыю, іначай можна бясконца гуляцца ў ахвяру і агрэсара без аніякага выніку.

Маніпуляцыі ментальным здароўем, безумоўна, здараюцца. Але і раней людзі карысталіся скаргамі на здароўе: проста тады ў іх «балеў жывот», а цяпер яны кажуць пра выгаранне. Гэта не значыць, што выгарання не існуе як з’явы – у розных краінах Еўропы можна ўзяць бальнічны па выгаранні. А калі ўзнікаюць сумневы наконт маніпуляцый, то гэта, зноў жа, вырашаецца праз камунікацыю. Але некаторым бізнэсам прасцей прыкрыцца шыльдай «з зумерамі немагчыма працаваць». Добра, вам немагчыма, а іншыя зарабляюць з імі мільёны.

 

 

Чаму людзі перастаюць бачыць сэнс у сваёй працы?

– Няма простага адказу, чаму чалавек губляе сэнс у тым, што робіць. Але першапачаткова трэба зразумець, што гэты сэнс стварала. Што гэта было і што змянілася?

Возьмем для прыкладу прыглушаную агрэсію. Чалавек можа прыглушаць шмат раздражнення і фрустрацыі ад таго, што парушыўся баланс «даю – атрымліваю». Калі ты адчуваеш раздражненне, магчыма, трэба даваць менш. Або прыдумаць, як браць больш. Інакш мозгу проста незразумела, навошта мы гэта робім, і адсюль фрустрацыя.

Парушэнне балансу «даю – атрымліваю» – гэта не заўсёды пра грошы. Стваральнікі кантэнту, напрыклад, могуць жывіцца фідбэкам, але ў пэўны момант адчуць, што яго недастаткова. Іх адказнасць – заявіць, што іх патрэба не задавальняецца. Адказнасць спажывальнікаў кантэнту – ставіць лайкі, пісаць каментары, данаціць, калі яны хочуць, каб шоу працягвалася. Гэта тое, што дае сэнс.

 

Як знайсці сябе па-за працай?

– Людзі часта атаясамліваюць сябе з працай, закрываючы ёю ўсе патрэбы. Натуральна, карпарацыі гэтым карыстаюцца. У офісе Google можна жыць: есці, спаць, займацца спортам, рабіць імпрэзы, гуляць, заводзіць стасункі. Але ўсё гэта не вельмі добра для псіхікі, таму што, калі цябе звольняць, ты застаешся без анічога. Каб страта працы не стала стратай сябе, трэба ўсвядомліваць, якія патрэбы ты працай закрываеш. Гэта можа быць прадметам псіхатэрапіі: «Чаму мой сусвет без працы не існуе?»

Атаясамліваючы сябе не з канкрэтнай працай, але з канкрэтнай прафесіяй, можна таксама сутыкнуцца з праблемай, калі страціш справу і спатрэбіцца перавучвацца на штосьці іншае або самахоць захочаш змяніць прафесійную ролю. Тут важна быць да сябе беражлівым, усвядомліваць, што ўсё няпроста.

Калі мы знаёмімся, то часта ў адказ на пытанне «хто ты?» пачынаем з прафесіі. Калі мы перастаём тым займацца, то губляем адказ на гэта пытанне. Карыснае практыкаванне ў любыя часы, з працай і без, – спытаць сябе: «Хто я ўвогуле?» – і прыдумаць шэраг адказаў. «Беларуска», «жанчына», «эмігрантка», «тая, хто ўмее гэта і тое». Важна, каб мы не засяроджваліся толькі на прафесіі. Іначай мы змяшчаем сябе ў шалупіну сацыяльнага канструкту, а потым ад таго пакутуем. Варта час ад часу сябе прызямляць – адкідваць думкі пра «прызначэнне». Ты робіш работу і атрымліваеш за яе грошы, кропка. З вышыні «місіі» падаць вельмі балюча.

 

 

Як трымацца, страціўшы працу?

– Для лекцыі пра пошук працы я сфармулявала правіла трох «п»: план, падрыхтоўка, падтрымка. Калі мы ўразлівыя, нам складана казаць пра гэта і прасіць падтрымку, але гэта самае важнае.

Гештальтыст Пітэр Філіпсан вызначаў самападтрымку як уменне знаходзіць і браць падтрымку з асяроддзя. То-бок не я сама штосьці з сабой намагаюся зрабіць, а я знаходжу, на што абапірацца. Калі мы страцілі працу, трэба прасіць пра падтрымку і яе арганізоўваць. Падтрымай уласнае цела, згадай усё, што дае табе рэсурс, скажы людзям, што яны могуць для цябе зрабіць. Фітнэс? Прырода? Псіхатэрапія? Царква? Усе сродкі добрыя.

Калі нам адмаўляюць, мы можам адчуваць моцны сорам – «я ніхто і зваць мяне ніяк», – а выходзіць з гэтага стану вельмі складана. Варта нагадваць сабе, што вам адмаўляюць не як асобе – гэта кампанія не гатовая ў гэты момант прапанаваць вам працу.

Ідучы на сумоўе, людзі часта выпадаюць з дарослай пазіцыі, а ў гэтай сітуацыі важна вяртаць сабе хоць якую ўладу. Разумець, што ты таксама шукаеш, ты выбіраеш, у цябе ёсць альтэрнатывы. Ёсць такое паняцце ў перамовах – BATNA – best alternative to negotiated agreement, найлепшая альтэрнатыва. Варта мець сваю BATNA, нават калі гэта проста фантазія. Напрыклад, я хачу ўладкавацца маркетолагам, але, калі што якое, у мяне ёсць альтэрнатыва: пайду кансультаваць у краме. Трэба вяртаць сабе адчуванне выбару і разуменне, што тваё жыццё не залежыць ад людзей насупраць.

 

Як канкураваць з новымі тэхналогіямі?

– Паводле дадзеных World Economic Forum, 39% асноўных навыкаў будуць замешчаныя штучным інтэлектам да 2030 года. Але па-ранейшаму будуць патрэбныя аналітычнае мысленне, гнуткаць (адаптабільнасць), камунікатыўныя навыкі (перамоўныя здольнасці). Як бы ні развіваліся нейрасеткі, людзі ўсё роўна выбіраюць людзей, таму софт-скілы застануцца важнымі, і іх трэба працягваць развіваць цягам усяго жыцця. Напрыклад, усвядоміць, як ты камунікуеш, і ўдасканальваць камунікацыю.

Карысна таксама зразумець, у якіх сферах ты можаш развівацца. Ёсць такая практыка ў коўчынгу – выпісаць розныя справы, за якія табе могуць заплаціць нейкія грошы або даць штосьці па бартару. Напрыклад, я ўмею варыць боршч. Канешне, мне не заплацяць, як шэфу, але нешта заплацяць. Тое, што мы можам рабіць на сённяшні дзень і што любім рабіць, – гэта тыя пункты, дзе мы маглі б развівацца далей.

Таксама варта завесці сацыяльныя хобі. Тады з’явяцца новыя сувязі, якія не залежаць ад месца працы, а яшчэ новая ідэнтычнасць, якая не згубіцца пры неспрыяльным прафесійным сцэнары.

 

Ці магчыма дасягнуць ідэальнага work-life balance?

– Калі мы кажам пра work-life balance, то нібыта дзелім, што ёсць праца, а ёсць жыццё. Але наша праца – гэта частка нашага жыцця. Таму мне бліжэй паняцце work-life blending. Калі ўспрымаць «ворк» як частку «лайф», нам будзе прасцей асэнсаваць свае патрэбы і сваю ўнікальнасць, а значыць – больш удала інтэграваць працу ў жыццё і пазбавіцца ад расшчаплення «я тут папакутую, а потым зажыву». Жыць трэба цяпер.

Таксама варта дадаць такое паняцце, як job crafting. Яно пра тое, што людзі паступова перастаюць выконваць працу па інструкцыі, а пачынаюць адаптаваць яе пад сябе. І чым лепш мы ўсвядомліваем сябе, тым лепш можам адаптаваць асяроддзе. Часам для гэтага нават не трэба мяняць месца працы. Дастаткова заўважыць, што вам не пасуе графік, і пайсці на перамовы, каб яго скарэктаваць. А пачынаецца джоб-крафтынг з пытання да сабе: які я ў працы ўвогуле?

 

Фота: Apple