Чаму людзі масава пераходзяць з ChatGPT на Claude?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 23.03.2026
- 69
ChatGPT ужо стаў агульнай назвай для ШІ-чат-ботаў – як «ксеракс» ці «памперс» для адпаведнай прадукцыі. Але канкурэнцыя ў сферы ўсё яшчэ існуе, і нядаўні скандал у Пентагоне прымусіў карыстальнікаў звярнуць увагу на Claude – распрацоўку кампаніі Anthropic. Распавядаем пра гэтую і іншыя навіны тэхналогій ды інтэрнэту ў нашым рэгулярным дайджэсце.
Claude вырваўся ва ўлюбёнцы публікі
У сакавіку апка кампаніі Anthropic упершыню абышла па спампоўваннях ChatGPT ад OpenAI. Зацікаўленасць Claude была выкліканая прынцыповасцю кампаніі: Anthropic адмовілася даваць Пентагону неабмежаваны доступ да Claude, таму што запыт вайсковых уключаў масавае назіранне за грамадзянамі ЗША (патрэбнае ў тым ліку для міграцыйнай службы ICE, чые метады пужаюць шматлікіх амерыканцаў), а таксама выкарыстанне Claude для цалкам аўтаномнай зброі (Anthropic намагаецца перастрахавацца ад гібелі цывільных). Дональд Трамп адразу ж запісаў Anthropic у «левакі», а OpenAI хуценька пагадзіўся зрабіць для Пентагона ўсё, што яму заманецца.
Карыстальнікі адказалі на такія навіны масавымі адпіскамі ад ChatGPT і падпіскамі на Claude. Аднак, паколькі ў сферы ШІ вырашаюць не карыстальнікі, а інвестары, цяпер Anthropic знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, і падтрымкі спявачкі Кэці Пэры тут можа быць недастаткова. Больш падрабязна пра жарсці вакол Anthropic раім паслухаць у гікаўскім падкасце «Каласы пад сярпом ШІ».
Насамрэч Anthropic, канешне, ніякія не «левакі». Да гэтага скандалу яны супрацоўнічалі з Пентагонам (як і Google, OpenAI ды xAI), і менавіта Claude быў выкарыстаны пры затрыманні венесуэльскага прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Але нюанс у тым, што Anthropic не пагаджаўся развязваць рукі дзяржаўнікам напоўніцу, і карыстальнікі ШІ ацанілі такую прынцыповасць.
Да таго ж Claude прапануе сапраўды крутыя магчымасці для кодынгу, а нядаўна яшчэ і навучыўся даваць інфаграфіку і схемы непасрэдна ў сваіх адказах. Ну прыгажунчык!
Google сягае на алімпіядны ўзровень
Мадэль Gemini 3 Deep Think рашае задачы на ўзроўні спартовых праграмістаў, паказвае шыкоўныя вынікі ў складаных тэстах па матэматыцы, фізіцы, хіміі, інжынерыі. І хоць экспертная супольнасць кажа, што не ўсё так ідэальна, як хацелася б распрацоўшчыкам (і маркетолагам), Gemini 3 Deep Think сапраўды добры памочнік у глыбокім аналізе, даследаваннях і разборы тэхнічных задач.
Нагадаем, што ў Gemini ёсць рэжым Guided Learning – гэта твой персанальны рэпетытар амаль у чым заўгодна. Крута, што ШІ-рэпетытар не дае гатовых адказаў, а вучыць думаць самастойна і шукаць рашэнні. Тэмы ён тлумачыць прыстойна, бо наладжаны на падрыхтоўку да рэальных іспытаў. Веды правярае квізамі. Калі цікава паспрабаваць, клікай на Tools, абірай Guided Learning і фармулюй запыт.

Юрысты не даюць капірайтаў ШІ
2 сакавіка Вярхоўны суд ЗША адмовіўся прызнаць аўтарскае права за машынай. Праграміст Стывен Тэйлер распачаў гэтую гісторыю ажно ў 2018 годзе. Яго ШІ-сістэма цалкам без удзелу Тэйлера стварыла выяву «A Recent Entrance to Paradise», і Тэйлер хацеў, каб яна афіцыйна лічылася праваўладальнікам. Аднак у 2022 годзе Бюро па аўтарскім праве з ім не пагадзілася: юрысты падкрэслілі, што аўтарскія правы распаўсюджваюцца толькі на творы, зробленыя людзьмі, і што пад тэрмінам «аўтар» нарматыўныя дакументы разумеюць выключна чалавека. Гэтую пазіцыю пазней падтрымалі іншыя інстанцыі. А цяпер – і Вярхоўны суд.
Пакуль што практыка такая: капірайт можа быць толькі на тыя творы, у стварэнні якіх удзельнічаў чалавек, прычым доля яго ўдзелу была значнай. Вядомыя выпадкі, калі Бюро па аўтарскім праве адмаўляла ў рэгістрацыі капірайту на згенераваныя ў Midjourney выявы, бо палічыла нязначным удзел чалавека ў гэтай «сутворчасці».
На алгарытмы Meta і Google падалі ў суд
Іскі да тэхнагігантаў, датычныя кантэнту, які на іх змяшчаецца, – справа звычайная. А вось абвінавачванні алгарытмаў у «дэфектнасці» – гэта нешта прынцыпова новае.
Meta і Google сутыкнуліся з абвінавачаннем у шкоднасці дызайну іх платформ. Істцы сцвярджаюць, што платформы наўмысна створаны такім чынам, каб утрымліваць увагу і выклікаць залежнасць, а таму небяспечныя для маладых людзей. На іх думку, апавяшчэнні, рэкамендацыі і бясконцая стужка не ёсць нейтральнымі функцыямі, а з’яўляюцца прадуманымі інжынернымі рашэннямі, якія ўтрымліваюць у сабе небяспеку.
Цікава, як будуць развівацца кейсы, бо калі ад адказнасці за шкодны кантэнт кампаніі лёгка ўхіліцца (пераклаўшы яе на карыстальнікаў), то адказнасць за дызайн платформы ляжыць выключна на ёй. З іншага боку – як вымяраецца шкода? І дзе тая мяжа, па якой можна развесці адказнасць чалавека, які заліпае ў трэдсах, і кампаніі, якая стварыла Threads такім чынам, каб у ім можна было жыць 24/7?
Ці будуць гэтыя іскі паваротным пунктам, які прымусіць тэхнагігантаў аслабіць дафамінавую хватку, – пакажа час. Але па аналогіі далёка хадзіць не трэба: ёсць жа на рынку «лёгкія» цыгарэты.
Інфлюэнсерам можа стаць кожны(-ая) – нават таго не ведаючы
У TikTok ёсць ШІ-інструмент, які распазнае адзенне, абутак і аксэсуары на відэа, каб прапанаваць карыстальнікам купіць такое ці падобнае. У канцы лютага аналагічную плашку заўважылі ў Instagram: Джулія Берольцгаймер, інфлюэнсерка з >1 млн падпісчыкаў, пачала «рэкламаваць» адзенне на публікацыях, якія не былі рэкламнай інтэграцыяй. Яна нават не ведала, што гэта адбываецца.
Meta адказала, што гэта «тэст» і што інструмент створаны выключна для таго, каб дапамагаць карыстальнікам адшукаць, што ім спадабалася. Нібыта камісію з продажаў Meta атрымліваць не будзе. Паверым? Што думаеце?
Пакуль выглядае так, што рэклама неўзабаве будзе ляпіцца на любы асабісты кантэнт без згоды карыстальнікаў, а карыстальнікі будуць мець яшчэ менш кантролю над уласным вобразам і тым, чым яны дзеляцца ў Сеціве.
Акторы навучаюць ШІ чалавечнасці
Распрацоўшчыкі ШІ-чат-ботаў наймаюць адмыслоўцаў, каб зрабіць свае прадукты «жывейшымі». Акторам прапануюць разыгрываць сцэны і імправізаваць дыялогі, каб ШІ-мадэлі вучыліся інтанацыям, паводзінам і рэакцыям. Сэнс у тым, што мадэлі ўжо выдатна валодаюць інфармацыяй, але ўсё яшчэ дрэнна разумеюць эмоцыі. Імправізацыя мусіць закрыць гэтую слабую зону.
Як бачна, ШІ цяпер залежыць не толькі ад кода, але і ад чалавечага досведу. Шмат каго, натуральна, пужае гэты этап: выглядае, што акторы навучаюць машыну, якая потым пазбавіць працы іх саміх. У гэтым сітуацыя падобная да становішча перакладчыкаў і пісьменнікаў, якіх таксама наймаюць для навучання мадэляў.
З цябе – ідэі, з машыны – рэалізацыя
Інжынер Эндзі Коэнен стварыў мапу Нью-Ёрка ў стылі ізаметрычнага піксель-арту SimCity 2000. Важна: увесь код для гэтай прыгажосці з’явіўся дзякуючы кодынг-агентам і генератыўным мадэлям. Коэнен код не пісаў.
Агулам трэндавая гісторыя: праграмаванне з дапамогай ШІ і LLM (вайб-кодынг) – гэта ўжо нават не будучыня, а сённяшні дзень. Дачакаліся: кодзяць усе! Ладна-ладна, не ўсе, але магчымасці сапраўды адкрываюцца і для тых, хто раней у гэты бок нават не думаў.
А па піксельным Нью-Ёрку можна пагуляць тут.
![]()
Інтэрнэт ужо нікога не аб’яднае
Медыяэксперт Эзра Іман апублікаваў у LinkedIn справаздачу Wayfinder Media Trends, у якой на карцінках і лічбах тлумачацца галоўныя тэхналагічныя трэнды: «лянівы» інтэрнэт (людзі не гугляць, а пытаюцца ў чатаў), умацаванне прыхільнасці да чат-ботаў (якія заўсёды на тваім баку – у адрозненне ад людзей), развіццё генератыўных медыя і гэтак далей.
Сярод іншага эксперты канстатавалі тут канец «наіўнага» інтэрнэту. Маўляў, тыя, хто працягваюць марыць пра інтэрнэт як прастору, якая ўсіх аб’яднае і дасць паразумецца, падманваюць сам сябе. Пакінь надзею ўсялякі, хто. Сеціва больш не ёсць цэласнай прасторай: гэта купа разрозненых чатаў, платформ, фандомаў, кам’юніці, і менавіта ў гэтых мікрапрасторах фармуецца культура.
Людзей адштурхоўвае нейтральная добразычлівасць, бо за ёй адчуваецца нейкая «метадычка», а людзі не хочуць хадзіць адным шыхтам. Але гэта нібыта і акей.

Адзінота ў Сеціве шырыцца
У ЗША даследавалі 64 988 навучэнцаў каледжаў ва ўзросце 18–24 гадоў і прыйшлі да высновы, што заліпанне ў сацсетках і пачуццё адзіноты – звязаныя. 54% маладых людзей адзначылі, што адчуваюць самоту, і чым больш яны сядзяць у смартфоне – тым мацнейшая іх ізаляванасць, аднак дастаткова нават дзвюх гадзін у дзень.
Менш ізаляванымі пачуваліся тыя з апытаных, хто жывуць у кампусах, а таксама ўдзельнікі розных студэнцкіх аб’яднанняў. Аднак нельга сказаць адназначна: гэта людзі заліпаюць у сацсетках таму, што яны самотныя, або людзі страчваюць сувязі з іншымі праз тое, што абіраюць бавіць час у сацсетках.
Маладыя людзі маюць патрэбу ў надзеі
Эксперты Financial Times разам з даследчыкамі Knight Lab прааналізавалі, як маладое пакаленне спажывае навіны. Не стала сюрпрызам, што асноўнай крыніцай навін для зумераў выявіліся сацсеткі. Але даследаванне ставіць шах і мат аматарам пабурчаць на «абыякавую» моладзь: зумеры цікавяцца навінамі, яны гатовыя глыбока занурацца ў тэму, якая іх зацікавіла, а яшчэ добра адрозніваюць лухту ад шчырых пасланняў.
Пры гэтым стомленасць ад аб’ёмаў інфармацыі і яе палітызаванасці сапраўды ёсць, і эксперты рэкамендуюць медыйшчыкам знаходзіць у сваіх гісторыях «промень надзеі», быць шчырымі, даваць карысць, а не проста накручваць разгубленасць ды незадаволенасць у і без таго складаным свеце.
