Як забусціць сваю кар’еру ў свеце, які так хутка змяняецца
- 09.04.2026
- 158

Глабальны рынак працы змяняецца з касмічнай хуткасцю, і дзейнічаць на ім гэтаксама, як у 2010-х, – правальная стратэгія. Вядома, можна скардзіцца на ўсюдыісную аўтаматызацыю ды штучны інтэлект, які «ўсіх заменіць». А можна актыўна кіраваць сваёй кар’ерай і заставацца чалавекам, за якога эйчары будуць змагацца. Як пайсці па гэтым шляху – разбіраемся разам з псіхатэрапеўткай і коўчам з досведам працы ў HR Таццянай Дзямчук. Матэрыял выходзіць пры падтрымцы праграмы MOST IV, якая дапамагае беларускам і беларусам забусціць кар’еру праз удзел у замежных прафесійных падзеях.

Няма руху без мэты
Першы крок для бусту – зразумець свае моцныя бакі, а таксама заўважыць, над чым варта папрацаваць. Калі ты даўно не абнаўляў(-ла) CV, чаму б не накідаць чарнавік проста цяпер? Выпішы свае асноўныя і дадатковыя навыкі, сістэматызуй практычны досвед. Затым пагартай рэлевантныя вакансіі на Praca.by, Rabota.by, LinkedIn, Indeed або іншых платформах, каб зразумець, што цяпер патрабуюць на пасадах той прыступкі, куды ты цэліш.
Без канкрэтнай мэты складана намацаць канкрэтны шлях. Гучыць банальна, але шмат хто працягвае рухацца навобмацак, куды занясе плынь. А яна можа нікуды і не несці, калі ты не ведаеш, якую пазіцыю хочаш атрымаць, у якой сферы быць занятым(-ай), на якія грошы гатовы(-ая) абмяняць свой час.
Раней было так: адна праца на ўсё жыццё, і ты нібыта едзеш на рэйках, хоць, вядома, часцей карысталіся метафарай лесвіцы. Сёння прафесійнае жыццё чалавека рэдка нагадвае лесвіцу, гэта хутчэй дарога, дзе час ад часу ты аказваешся на ростанях.

– Калі ты адчуваеш, што захрас, спачатку трэба зрабіць паўзу і зразумець, дзе ты зараз знаходзішся, – кажа Таццяна. – Што ў цябе ёсць? Чаго не хапае? У чым адчуваецца патрэба? Магчыма, табе не новая праца патрэбная, а адпачынак праз выгаранне. А можа, табе не хапае сацыяльных сувязяў або ў сям’і адбываецца нешта дрэннае, і гэта зусім не праца мусіць вырашаць. Так, зрабіць паўзу складана, бо шмат трывогі, але вельмі важна яе зрабіць, каб разабрацца яшчэ да таго, як узяцца за абнаўленне CV. Калі рэч сапраўды ў працы, трэба зразумець, чаго канкрэтна ты хочаш. Больш грошай? Новы статус? Іншую атмасферу ў калектыве?
Каб намацаць сутнасць запыту, можна і да ШІ-чат-бота звярнуцца – яны няблага структуруюць думкі. Далей можа спатрэбіцца праца з рознымі спецыялістамі: псіхатэрапеўтам, кар’ерным кансультантам, ментарам. Прычым ва ўсіх гэтых людзей ёсць свая спецыялізацыя, і на яе варта звяртаць увагу. Любы кар’ерны кансультант дапаможа з адаптыўным CV, але пампаваць кар’еру, напрыклад, у медыя ці ў арт-сферы – гэта дзве розныя гісторыі з уласнымі нюансамі, і таму лепш, калі ў кансультанта ёсць рэлевантны досвед. Рэлакантам я б яшчэ рэкамендавала шукаць спецыяліста з ведамі менавіта па вашым рэгіёне.

Пастаяннае абнаўленне
Кар’ера ў бліжэйшай будучыні будзе стаяць на трох кітах: актуальны набор скілоў, прафесійная бачнасць, сетка кантактаў. Калі раней кар’ерная траекторыя выглядала як «універсітэт → праца → павышэнне», то цяпер галоўны трэнд – найм па навыках (skills-based hiring). Згодна з даследаваннем bEdge Tech Services, 81% працадаўцаў ЗША цяпер наймаюць па навыках, у 2023-м лічба была 73%, а ў 2022-м – 57%, так што трэнд відавочны. Гэта добрая навіна для тых, хто не канчаў «гарвардаў». І дрэнная для тых, хто не хоча развівацца.
У справаздачы World Economic Forum «Future of Jobs» за 2025 год заяўлена, што ў новым дзесяцігоддзі будзе створана каля 170 мільёнаў новых працоўных месцаў, і прыярытэт пры адборы на іх будзе адданы людзям са здольнасцямі, якія можна ацаніць, а не ўладальнікам кваліфікацый, зацверджаных на паперы. Каб трапіць у лік першых, спецыялісты рэкамендуюць: зрушыць фокус CV з пасад і адукацыі на навыкі і дасягненні; атрымліваць сертыфікаты, якія пруфяць актуальны вопыт; развіваць хард-скілы адначасова з софт-скіламі і прытрымлівацца канцэпцыі бесперапыннага навучання.
Паводле The Skills Crisis Countdown, 90% эйчараў прагназуюць, што да паловы іх супрацоўнікаў будуць мець патрэбу ў перападрыхтоўцы ў бліжэйшыя пяць гадоў. Калі ты такі чалавек, які вучыцца ўсё жыццё, прагне новых ведаў, адсочвае, як развіваецца сфера, – цаны табе няма. Калі гэта не пра цябе, ніколі не позна мяняцца ў гэты бок.

Праяўленасць
У дыпломы заглядаюць радзей і радзей, а вось у партфоліа – абавязкова, таму трэба пра яго дбаць. Прызямліць прыклады праектаў і апісанне сваіх дасягненняў можна не толькі на асабістым сайце, але і на LinkedIn, GitHub ды іншых пляцоўках. А калі ты яшчэ і прафесійны блог запусціш – атрымаеш дадатковыя балы ў вачах рэкруцёраў. Завесці такі лагічней за ўсё на LinkedIn, але і Threads можа спрацаваць, і Telegram – арыентуйся на сваю спецыфіку.
Што пісаць? Разбіраць кейсы, публікаваць аналітыку з тваёй сферы, даваць экспертныя парады, дзяліцца персанальным працоўным досведам.
– Гучнасць трэба абіраць з улікам уласных лімітаў. Не ўсім падыходзіць весці інстаграм або фэйсбук, але можна знайсці свой спосаб казаць пра сябе. І так, калі ты праяўляешся, ты заўсёды будзеш кагосьці раздражняць. Давядзецца выпрацоўваць адпорнасць. Памятай, што ўсім адказваць і рэагаваць на каментары, якія табе не падабаюцца, зусім не абавязкова. Гэта тваё права.
Сябар ШІ і пабочныя праекты
Без ШІ ў шматлікіх сферах вытрымаць канкурэнцыю будзе немагчыма. Па ацэнцы McKinsey & Company, генератыўны ШІ да 2030 года аўтаматызуе або значна паскорыць да 70% задач, якія раней патрабавалі чалавечых рук і мазгоў. Гэта не значыць, што 70% людзей стануць беспрацоўнымі. Сэнс у тым, што патрэба ўзрасце ў тых адмыслоўцах, якія карыстаюцца ШІ-чатамі не толькі для таго, каб зрабіць смешную аватарку ці паскардзіцца на жыццё прыязнаму суразмоўцу.
Падумай: дзе і ў чым нейрасеткі могуць умацаваць твае пазіцыі? Ужо цяпер яны дапамагаюць аўтыматызаваць руцінныя працэсы, аналізаваць дадзеныя, бесперапынна вучыцца і развіваць свае навыкі (а пастаяннае развіццё, як мы пісалі вышэй, будзе абавязковым крытэрам поспеху).
Цудоўным полем для эксперыментаў з ШІ могуць стаць розныя side-праекты, pet-праекты, або, як раней казалі, задумы для душы. Яны дапамагаюць атрымаць новы досвед, папоўніць партфоліа, прадэманстраваць, што ты агулам ініцыятыўны чалавек, а заадно такім сябе і адчуць. Нагадаем, што некаторыя паспяховыя стартапы пачыналіся менавіта як такая «пабочка», што рабілася з уласнай ініцыятывы ў вольны ад працы час.

Фокус на софт-скілы
Якія «мяккія» навыкі будуць запатрабаваныя ў бліжэйшыя гады? Найчасцей у гэтым шэрагу эксперты(-кі) згадваюць крытычнае, аналітычнае і стратэгічнае мысленне, лічбавую граматнасць, уменне працаваць з ШІ, навык хуткага навучання, адаптыўнасць, крэатыўнасць, прапампаваныя навыкі камунікацыі (у тым ліку міжкультурнай), уменне арганізаваць людзей і браць адказнасць за свае працоўныя рашэнні, эмацыйны інтэлект, здольнасці самаарганізацыі, тайм-менеджмент. Калі недзе тут ты намацаў(-ла) сваю Ахілесаву пятку, не пераймайся: софт-скілы таксама можна пампаваць.
Акрамя падыходу learning by doing (навучанне ў працы), калі ты загартоўваеш прафесійны характар непасрэдна ў праектах, варта паспрабаваць модны цяпер microlearning, то-бок кароткія курсы па канкрэтных напрамках, а яшчэ – ментарства.
– Скілы пампаваць важна, але не атрымаецца, напрыклад, прачытаць кніжку пра канфлікты – і перастаць у іх дрэнна пачувацца. Софт-скілы не пампуюцца аднымі кніжкамі і курсамі – усё трэба замацоўваць практыкай. Таму насамрэч вельмі добра працуюць трэнінгі, бо гэта магчымасць працаваць з канкрэтнымі кейсамі і непасрэдна целам адчуць, што з табой адбываецца. Варта прыгледзецца да падобных магчымасцяў. Напрыклад, трэнінг, які спалучае псіхалогію і менеджмент, дазволіць пражыць сцэнары, якія ты адыгрываеш на працы ў крэсле менеджара. Кшталту «Я станаўлюся для ўсіх мамай». І ў фармаце трэнінгу ты, зноў жа, даследуеш сябе і глядзіш, як табе.
Аўтары кнігі «Максімум. Як дасягнуць асабістай дасканаласці з дапамогай сучасных навуковых адкрыццяў» Андэрс Эрыксан і Роберт Пул на падставе доўгатэрміновых даследаванняў сцвярджаюць, што найбольш эфектыўны спосаб забрацца вышэй у сваім майстэрстве – гэта не проста паўтараць нейкія дзеянні рэгулярна, але пераймаць веды ў знаўцы, мець свайго «гуру».
– Інстытут ментарства – увогуле класны досвед. Нават калі ментар не на мільён крокаў вышэйшы за цябе, гэта чалавек, які цябе бачыць. Мы сацыяльныя істоты, нам важна, каб нас бачылі і нешта валідавалі. Напрыклад, ты схільны абясцэньваць, а табе пакажуць і скажуць: «Глядзі, колькі ты ўжо зрабіў!»
Цяпер ментарскіх праграм усё больш, і можна пашукаць нешта для сябе. Калі думаеш пра трансфер у іншую сферу, ёсць варыянт звярнуцца да чалавека, які там ужо працуе, а далей – як дамовіцеся. Хтосьці гатовы ментарыць за грошы, а некаму шчыра цікава развіваць свае навыкі ў ментарстве, гэта заўсёды win-win гісторыя. Я сустракала кейсы, калі людзі знаходзілі сабе ментараў у LinkedIn. Можна і проста пагугліць «find mentor» – ды знайсці праграмы пад свой запыт.

Не грэбуем нэтворкінгам
Можа падавацца, што час візітовак мінуў, але паглядзі наўкол, распытай сяброў – і ты заўважыш, што вялікая колькасць кар’ерных здзяйсненняў адбываецца праз знаёмства. І мы тут, вядома, не пра бяздумны пратэкцыянізм.
– Заўсёды было так, што людзі перш-наперш шукаюць людзей. Таму, перад тым як рассылаць CV у халодную, варта спачатку адкрыць сваю тэлефонную кніжку. Акінуць вокам, з кім вы недзе працавалі, вучыліся, бачыліся на сямейных святах, сябравалі ў сацсетках. Часта людзі кажуць: «Не буду нікому пісаць», бо гэта нібыта з працягнутай рукою ідзеш – сорамна. Важна сваё мысленне крыху памяняць, бо людзі сапраўды любяць працаваць са сваімі людзьмі – таму што гэта пра давер і бяспеку. Да таго ж многія любяць дапамагаць, а хтосьці яшчэ за гэта і рэферальны бонус атрымлівае.
Калі звяртаешся да чалавека, зрабі ласку, выразна сфармулюй, хто ты і што ўмееш. «Шукаю работу. Можа, у вас што ёсць?» – так не працуе. Ніхто не мусіць вырашаць за цябе тваю праблему, гэта твая адказнасць.
Дзе шукаць жывыя сувязі? Нэтворкаць можна на канферэнцыях і хакатонах, а таксама ў прафесійных суполках і на тым жа LinkedIn. Важнае правіла: трэба не толькі знаёміцца, але і падтрымліваць гэтае знаёмства, быць заўважным(-ай) для чалавека, які можа спрыяць твайму прасоўванню ў кар’еры.
– На канферэнцыях можна сабраць кучу візітовак, але пры гэтым ніякай эмацыйнай сувязі не ўсталяваць. Таму самае галоўнае ў нэтворкінгу – не пазнаёміцца з як мага большай колькасцю людзей, а будаваць адносіны. Гэта доўгатэрміновая гісторыя, але працу сапраўды лягчэй знаходзяць людзі, якія ўмеюць будаваць і захоўваць адносіны – з такім навыкам іх ахвотна прымаюць у калектыў.
Англійскую мову можна падцягнуць на ўзровень за паўгода-год, а вось навык падтрымліваць адносіны фармуецца больш складана, бо гэта і ўменне цікавіцца сабой, каб сябе прэзентаваць, і ўменне цікавіцца іншым чалавекам, якое не зымітуеш. Усе напэўна заўважалі, як часам людзі з табой размаўляюць, але цябе не бачаць – ты для іх проста чарговы хтосьці. А вось іншы чалавек цябе шчыра заўважыць, хоць бы проста скажа, што туфлі прыгожыя, – і гэта зусім іншая камунікацыя.
Насамрэч кантакты могуць усталёўвацца паўсюль. Нават калі знаходзішся ў дэкрэце. Твае кантакты – новыя знаёмыя па дзіцячай пляцоўцы. Яны ж таксама недзе працавалі да дэкрэту, у іх ёсць сужэнцы, сваякі. Трэба камунікаваць, не трэба саромецца.
Пашырыць кар’ерныя гарызонты дапамагае партнёр гэтага матэрыялу – праграма MOST IV. Гэтая ініцыятыва падтрымлівае прафесійнае развіццё беларусаў і беларусак праз міжнародныя магчымасці: стажыроўкі, навучальныя паездкі, удзел у канферэнцыях, розныя фарматы нэтворкінгу з калегамі з краін Еўрапейскага саюза.
Падавацца на падтрымку MOST IV могуць спецыялісты з шасці сектараў: грамадства, бізнэс, культура, адукацыя, ахова здароўя або ўстойлівае развіццё. Актуальнае месца твайго жыхарства значэння не мае. Галоўнае – тваё жаданне атрымаць новыя веды і кантакты, адкрыць для сябе новыя прафесійныя сцэнары і займець у скарбонцы каштоўны міжнародны досвед.
Прафесійную паездку заяўнік павінен арганізаваць сам: яе працягласць – ад 3 да 90 дзён. У час паездкі можна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, форумах, фестывалях, трэнінгах, майстар-класах, семінарах, стажыроўках і арт-рэзідэнцыях, азнаямленчых турах, распрацоўваць сумесныя праекты, прэзентаваць сваю прадукцыю і паслугі на выставах – або прыдумаць уласны фармат мабільнасці.
Ілюстрацыі: upklyak on Freepik