Арт-праект «Имена» – гэта дзесяць інсталяцый сучасных мастакоў і мастачак на тэму дзесяці гісторый, распаведзеных часопісам. Куратаркі выставы – Антаніна Сцебур і Аня Карпенка.
«Для нас з Антанінай Сцебур гэта вельмі важны праект, у якім сустракаецца сучаснае мастацтва і грамадства ў цэлым. Мы прапануем гледачам актыўна ўключацца ў прадстаўленыя інсталяцыі. Можна глядзець не з бяспечнай адлегласці, а быць унутры інсталяцыі, напрыклад, на ложку, як прапануе Сяргей Гудзілін. Або натхніцца працай арт-групы Hutkasmachna, адшукаць у Менску два прытулкі для бяздомных і адчуць, як гэта, калі твой дом – гэта набор кардонных скрынак, – кажа Аня Карпенка. – Інклюзія для нас – гэта не толькі прадстаўленасць мастацкіх работ людзей з асаблівасцямі развіцця, але таксама ўключэнне максімальнай разнастайнасці падзей, тэм і сустрэч, якія адбываюцца ў рамках дадатковай праграмы выставы “Имена”».
Важны нюанс: уваход на выставу ад 3 рублёў і да бясконцасці – гэта квіток-ахвяраванне. Акрамя таго, можна аплаціць уваход дзякуючы сэрвісу МТС, калі даслаць смс на нумар *222*12# (толькі для абанентаў МТС). Усе сродкі, выручаныя ад продажу квіткоў, ідуць на падтрымку часопіса «Имена».

17 траўня, серада Top Choice
14:00 – прэзентацыя праекта «Штурман», экскурсія для слабавідушчых з выкарыстаннем прылады «Штурман»
Дакладна must see. З дапамогай мабільнай аплікацыі сляпыя і слабавідушыя людзі могуць камфортна адчуваць сябе ў любым месцы – ад супермаркета да музея. Напрыклад, бацькі дзіцяці з інваліднасцю па зроку могуць дапамагчы яму прыгатаваць ежу выдалена. На прэзентацыі пакажуць, як працуе праект «у дзеянні», і для слабавідушчых людзей правядуць экскурсію з дапамогай аплікацыі.
19:00 – дакументальны спектакль «Шэрая вясёлка», пабудаваны на аснове дзясяткаў інтэрв’ю з рознымі людзьмі
Спектакль-даследаванне выпускнікоў Eclab складаецца з гісторый рэальных людзей, якія жывуць побач з табой. Удзельнікі праекта некалькі месяцаў запісвалі інтэрв’ю з рэальнымі людзьмі на вуліцах Менска, каб пасля распавесці пра тое, што хвалюе кожнага.
18 траўня, чацвер
11:00 – круглы стол «За зачыненымі дзвярыма: праблема хатняга гвалту» для журналістаў і актывістаў з удзелам прытулку «Радзіслава», арганізацыі «Гендарныя перспектывы».


14:00 – экскурсія па выставе ад куратараў праекта на мове жэстаў
Табе сюды, калі ты хочаш больш даведацца пра тое, як задумваўся і ўвасабляецца арт-праект «Имена». Распавядуць і гісторыі, звязаныя з працай кожнага з 10 мастакоў праекта.
20:00 – Ноч музеяў (вялікі 3D мэпінг)
Будзе Ноч музеяў і будзе горача. Прама на фасадзе культ. цэнтра «КОРПУС» спраектуюць маштабны 3D-мэпінг з мультыплікацыйнымі персанажамі мультстудыі «Мы ёсць». Студыя працуе з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця (з аўтызмам і сіндромам Даўна), а таксама з выхаванцамі інтэрната.


21 траўня, нядзеля Top Choice
15:00 – адкрытая лекція Крысціяны Куцікіо з Германіі, майстар-клас па інклюзіі ў мастацтве
Ініцыятар і дырэктар атэлье «Гальштэйн» для асаблівых мастакоў і аднайменнай галерэі распавядзе, як яны цягам сямі гадоў удзельнічалі ў рэстаўрацыі і афармленні царквы Marienkirche. Гэта адзіная ў свеце царква, дзе кананічныя вобразы і алтар зрабілі мастакі з аўтызмам і з сіндромам Даўна.
22 траўня, панядзелак
19:00 – мастацтва ўзаемадзеяння на прыкладзе арт-праекта «Имена» (Антаніна Сцебур, Ганна Карпенка, Ганна Самарская)
Прыходзь паслухаць пра тое, што такое інклюзіўныя праекты ў сучасным мастацтве і якую ролю выконвае мастацтва ў сацыяльным кантэксце.


23 траўня, аўторак
10:00 – бізнэс-сняданак па КСА для журналістаў, маркетолагаў (Што такое КСА? Як выбраць сацыяльныя праекты? Як зрабіць КСА часткай сваёй PR-стратэгіі?)
24 траўня, среда
19:00 – медыя-пікнік па сацыяльным кіно (у рамках Тыдня Даступнасці ў Менску)
25 траўня, чацвер
19:00 – афіцыйнае закрыццё праекта
19:30 – інтэрактыўны перформанс, завяршальны рух «Сустрэча»

Аляксандр Васюковіч:
– На выставу варта схадзіць хаця б таму, што звычайна пра такія праблемы грамадства гаворыцца ў СМІ і па тэлевізары. А тут пра ўсё тое ж гаварыцца на мове сучаснага мастацтва. Гэта бывае рэдка ў нас, і таму дакладна заслугоўвае ўвагі.

Сяргей Гудзілін:
– «Имена» – унікальная супольнасць, якая аформілася літаральна за адзін год. Ніхто тэматычна і канцэптуальна падобнага яшчэ не рабіў у Беларусі. Чалавечыя гісторыі, прапушчаныя праз візуальны досвед мастакоў абсалютна розных тэхнік, дазваляюць пабачыць зусім іншы свет. І сам прыход на выставу будзе не толькі актам дапамогі супольнасці часопіса, іх працы, але і персанальным крокам кожнага наведніка да разумення/прымання праблем людзей з інваліднасцю ў нашым грамадстве.

Сяргей Краўчанка (арт-група Hutkasmachna):
– На выставу трэба ісці, каб пашырыць свае ўяўленні пра тое, якім можа быць штодзённае існаванне, пра тое, як можна яшчэ быць – амаль выключаным, але выключным, амаль нябачным і нячутным, але яркім і жыццелюбным. Гэтая выстава, як мне здаецца, зусім не пра жаль і спачуванне да людзей, а пра іх сілу духу і прысутнасць у самасці жыцця, да чаго і выказана шмат павагі ў працах.

Воля Сасноўская:
– Трэба ісці, каб сутыкнуцца з рэальным, хоць і медыяваным, мастацтвам, жыццём рэальных людзей вакол нас. І адчуць у сабе сілы, магчымасць і жаданне рабіць навакольную рэчаіснасць лепш разам. А таксама ўбачыць, як сёння ў Беларусі мастацтва можа працаваць з сацыяльнай праблематыкай.

Маша Святагор:
– Гэты праект дае магчымасць аб’яднацца, далучыцца да нечага сапраўды важнага. Звярнуць увагу на чалавека і яго гісторыю. Гэта самае галоўнае. Мая любімая сяброўка, якая была на адкрыцці арт-праекта «Имена», сказала: «Гэта выстава пра тое, як важна чалавеку адчуваць сябе патрэбным, не забытым. Наколькі важная любоў і падтрымка для ўсіх людзей без выключэння».

Антаніна Слабодчыкава:
– Рэкамендую ісці на арт-праект «Імёны», па-першае, каб даведацца пра тое, якую важную працу робіць часопіс «Імёны». Па-другое, у гэтым мастацкім праекце сканцэнтравана мастацтва. Група куратараў і мастакоў дала вельмі дакладную рэфлексію на гісторыі рэальных людзей, што атрымала складанае, цікавае развіццё ў кожным творы.

Сачы за абвесткамі на старонцы ў FB
Выстава працуе штодзень з 12:00 да 21:00 да 25 траўня ў культ. цэнтры «КОРПУС» (пр-т Машэрава, 9, корпус 8)
Фота by Віялета Саўчыц
Шесть треков о том, что вокруг все плохо, но мы все переживем.
Што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся? Кантрыбутару 34mag разбілі твар на сустрэчы менскага «байцоўскага клубу».
Набыць абновачкі, паслухаць музыку, патусіць.
Ноч паміж агнём, лесам і музыкай.
Як даследаваць сваю сям’ю не праз дакументы, а праз эмоцыі.