Каба-Вердэ, сVARкі, грэбля вікінгаў – чым запамятаўся Мундзіяль 2026?
- 22.07.2026
- 213
Пакуль у сацсетках абмяркоўваюць незалічаныя галы Іспаніі ў вароты Аргенціны, 34mag зафіксуе моманты гэтага чэмпіянату, якія запомняцца надоўга і раскажуць нешта важнае пра наш час наступным пакаленням. Бо, што б там хто ні казаў, мундзіяль – неад’емная частка папулярнай культуры і свята, на якое запрошаныя ўсе.
Чэмпіянат свету па футболе (FIFA World Cup) у 2026-м прымалі адразу тры краіны: ЗША, Канада і Мексіка. Гэта ўжо 23-ці турнір, але ўпершыню такі маштабны: колькасць краін-удзельніц павялічылі з 32 да 48. Чэмпіёнам свету стала зборная Іспаніі, якая перамагла Аргенціну ў фінале з лікам 1:0. За ўвесь турнір каманда прапусціла адзіны гол – ад Бельгіі, – што стала рэкордным паказчыкам. Найлепшым бамбардзірам ЧС стаў Кіліян Мбапэ, на два галы апярэдзіўшы легенду – Ліянэля Мэсі (10 і 8 галоў адпаведна). Залаты мяч абсалютна справядліва атрымаў капітан зборнай Іспаніі – Родры.
сVARкі
Гэты чэмпіянат – самы тэхналагізаваны ў гісторыі турніру. Сёлета рэферы, абвешаныя гаджэтамі, выглядалі як рабакопы (і мы маглі нават бачыць урыўкі гульні з іх пункту гледжання); мяч з падзарадкай дасылаў сістэме VAR дадзеныя з частатой 500 вымярэнняў у секунду; для дакладнага вызначэння афсайду ўсе 1248 гульцоў былі прасканаваныя і на базе вымярэнняў былі створаныя індывідуальныя 3D-аватары; для бяспекі некаторых аб'ектаў былі скарыстаныя робататэхнічныя сабакі K9-X.
Тэхналогіі сталі падставай для шматлікіх мемаў і спрэчак у сацыяльных сетках. Напрыклад, у матчы Харватыя – Партугалія гол харватаў на 90+13 хвіліне быў адменены праз тое, што датчык у мячы зафіксаваў лёгкі дотык валасоў Матанавіча, і гэта паўплывала на ацэнку размяшчэння нападнікаў. Такі і падобныя яму афсайды стабільна выклікаюць хвалю дыскусій у стылі «VAR забівае дух гульні!». Ніякіх нам цяпер «рук бога». Аднак прагрэс не спыніць, а дух часу таксама ёсць часткай духу гульні.
Глядзець POV рэферы на YouTube
Shakira парвала чарты
Трэк «Dai Dai» Shakira і Burna Boy заляцеў у Billboard Hot 100 і стаў самым высокаацэненым трэкам ЧС у гісторыі брытанскіх чартаў. Заадно Shakira стала самай папулярнай лацінаамерыканскай жанчынай-выканаўцай на Spotify і першай, хто перакрочыла адметку ў 100 млн слухачоў (раней гэтую прыступку ўзяў Bad Bunny). Нарэшце Шакіра заняла пачэснае месца сярод стамільённіц Рыяны, Мэраі Кэры, Білі Айліш, Тэйлар Свіфт, Арыяны Грандэ і Лэдзі Гагі .
У Шакіры ўвогуле добры мэтч з мундзіялямі, бо калі намагацца ўспомніць афіцыйныя трэкі розных гадоў, то хутчэй за ўсё на думку прыходзіць «Waka Waka (This Time for Africa)», якая гучала з кожнага праса ў 2010-м (тады ж свет адкрыў для сябе паўднёва-афрыканскія ражкі – вувузелы).
Яшчэ адзін трэк, які ўзляцеў пад чэмпіянат, – «World Cup (Champions)» стрымера IShowSpeed. Бадзёрая песня добра завірусілася па свеце, у выніку FIFA ўключыла яе ў афіцыйную падборку музыкі ЧС, а IShowSpeed нават выступіў на цырымоніі закрыцця турніру.
Канцэрт у перапынку
У ЗША, вядома, больш шануюць іншы футбол, і абавязковай часткай тамтэйшых фіналаў ёсць хафтайм-шоу. Сёлета аматары старога-добрага нажнога шпурляку ўпершыню пакаштавалі такую тэму: пасля першага сухога тайму Іспаніі і Аргенціны свет глядзеў не толькі рэкламу, але і выступ Мадонны, Джасціна Бібера, BTS, Shakira і Burna Boy, The Muppet Show, а таксама персанажаў самага душэўнага серыяла пра футбол – «Тэда Ласа».
Глядзець Halftime Show на YouTube
Рэпартаж на амаль стогадовую камеру
Гэта не першы чэмпіянат свету па футболе ў кар’еры егіпецкага фатографа Фарыда Котба, але сёлета ён вырашыў падысці да працы ультраканцэптуальна. Котб прыдумаў зрабіць рэпартаж на камеру-равесніцу першага чэмпіянату свету, які адбыўся ў 1930 годзе ва Уругваі. Рыхтаваўся год, перабраў розныя варыянты і ў рэшце рэшт спыніўся на Zeiss Ikon Ideal 250/11, якую здабыў на вінтажным рынку ў Каіры. Па серыйным нумары высветлілася, што камера належала фатографу, які ездзіў здымаць Кубак 1954-га, а таксама фоткаў егіпецкіх гульцоў перад кантраверсійнай Алімпіядай 1936-га ў Берліне. Вось так, гісторыя нечакана працягнулася!
Вяртанне да вытокаў, канешне, прымусіла Котба падыходзіць да кожнага кадра пільна і ўдумліва. Фарыд зрабіў усяго 10 здымкаў у Таронта на матчы Партугалія – Харватыя і 40 у Ванкуверы на Швейцарыя – Калумбія. Ён марыў трапіць на фінал, аднак чатыры разы атрымаў адмову ў амерыканскай візе. Таму без Месі, але з Раналду.
Тэлевізійны імпрэсіянізм
А вось парыжская фатографка Фларанс Пернэ не атрымала акрэдытацыю на ЧС увогуле, але гэта яе не спыніла: Фларанс пачала здымаць матчы з экрана тэлевізара. Буйныя планы, доўгая вытрымка, выразныя пікселі – атрымаўся чароўны спартыўны тэлеімпрэсіянізм. Пернэ здымала не футбол, а медыум, і ў яе выйшла гісторыя пра тое, як спорт са стадыёнаў трапляе ў дамы заўзятараў, прыносячы ім цалкам жывыя эмоцыі.
Крэатыўнасць фатографкі не засталася без увагі шматлікіх СМІ. Зборная Партугаліі таксама зацаніла падборку Пернэ. Цяпер у Фларанс больш за 216 тысяч падпісчыкаў, і нават пераймальнікі з’явіліся. Як той казаў: зачынілі дзверы – шукай акно!
Грэбля вікінгаў
Дзесяць гадоў таму Еўропа была скораная ісландскай пляскалкай на чэмпіянаце Еўропы. У 2026-м галоўным фанацкім флэшмобам стала «грэбля вікінгаў» (viking row). Заўзятары нарвежскай зборнай уяўнымі вёсламі сінхронна «граблі» пад гук барабана і скандавалі «Ro!» («грабі!» па-нарвежску). Рытм паступова паскараўся, нібы дракар набіраў ход.
Рытуал прыдумаў нарвежскі настаўнік Уле Фрэйстад. Ён хацеў прапанаваць нешта такое, што маглі б рабіць усе людзі без падрыхтоўкі і рэквізіту і каб гэта яднала – «мы ў адной лодцы». Задумка стрэліла, і ў выніку нарвежцы граблі не толькі на стадыёнах, але і на вуліцах Нью-Ёрка і Бостана, у метро, на эскалатарах, у школах і нават у парламенце Нарвегіі. Гульцы зборнай разам з фанатамі выконвалі viking row пасля перамог, і гэта былі сапраўды кранальныя эпізоды.
Кавалак інтэрнэт-папулярнасці ўрваў нарвежскі заўзятар Эміль Анерс Лапен, які заставаўся нерухомым сярод мора чырвоных футболак, якія выконвалі «грэблю вікінгаў». Эміль патлумачыў журналістам, што лічыць ідэю надта падобнай да ісландскай, да таго ж вікінгі не веславалі, а пераплывалі Атлантыку сілай ветразяў. Хтосьці палічыць Эміля душным, а хтосьці скажа, што ў любых абставінах можна абраць свой шлях і заставацца верным сабе.
Андэрдогі, што скралі сэрцы
Пашырэнне турніру да 48 краін дала магчымасць трапіць на галоўнае спаборніцтва Іярданіі, Кюрасаа, Узбекістану і Каба-Вердэ. Кюрасаа пабіла рэкорд Ісландыі як самая маланаселеная краіна-ўдзельніца турніру: там жыве каля 158 тысяч чалавек. Узбекістан стаў першай цэнтральнаазіяцкай краінай на ЧС і меў шырокую падтрымку ў беларускім сегменце Threads, але галоўныя ўлюбёнцы турніру – каманда з невялікай астраўной дзяржавы каля берагоў Афрыкі з насельніцтвам каля 525 тысяч чалавек – каба-вердзійцы.
На групавым этапе зборная Каба-Вердэ ў сухую нічыю згуляла з будучымі чэмпіёнамі – іспанцамі, разышлася на 2:2 з моцным Уругваем і па нулях з Саудаўскай Аравіяй, а ў гульні на выбыванне дала незабыўны бой будучым срэбным прызёрам – аргенцінцам. Гол Сідні Лопеша Кабрала на 103-й хвіліне застанецца ў гісторыі Каба-Вердэ назаўжды. Сенсацыі, праўда, не здарылася, і фаварыты закрылі матч на 3:2, але колькі было эмоцый!
Асобна людзей закранулі талент і спартовая вытрымка 40-гадовага галкіпера Вазіньі, які за ўсю кар’еру меў толькі адзін трафей – Кубак Кіпра 2018/19 з AEL Лімасол. На ЧС ён прыехаў без дзейнага кантракту і з адным з самых нізкіх заробкаў сярод брамнікаў турніру, але змагаўся што той леў. Вазінья зрабіў 18 сэйваў з 23 удараў. Цягнуў у тым ліку ўдары Мэсі і Ферана Торэса. Пасля матчу з Іспаніяй не стрымаў эмоцый і расплакаўся.
Слёзы Мэсі
Футбольнае поле – тое месца, дзе мужчыны не саромеюцца плакаць (ура!). Можна было нават зрабіць стаўку, ці заплача на турніры Крышціяну Раналду, які завяршаў кар’еру ў зборнай. Пасля паразы ад Іспаніі не так проста было зразумець: ці то слёзы, ці пот. Раналду плакаў. Але, бадай, больш гістарычнымі былі слёзы Ліянэля Мэсі, які завяршыў кар’еру ў зборнай без фенаменальнага другога золата запар, якое было ад яго так блізка. Пасля фінальнага свістку на 120 хвіліне Ліянэль адпачываў на полі з экзістэнцыйнай стомаю ў вачах, а калі атрымаў срэбны медаль, то, стоячы перад фанатамі, ужо не стрымліваў слёз. Фотарэпарцёры палявалі на кадр, як пасля матчу сустрэнуцца 39-гадовы Леа і 19-гадовы Ламін Ямаль. Такая добрая метафара, што гісторыя ніколі не канчаецца, нават калі твая партыя ў ёй ужо адгучала.






