Як адчуць блізкасць і ці варта прывязвацца да людзей? Размова з псіхалагіняй

  • 12.08.2026
  • Аўтар: 34mag
  • 114

Псіхалогіі ў прасторы становіцца ўсё больш, але разумення, чаго мы хочам ад адносін з іншымі людзьмі, хапае не заўжды. Адсюль — фрустрацыя адзіноты, расчараванне ад чарговага сітуэйшаншыпу ці тупік у доўгачасовым вальсе. 34mag пагутарыў з сэксалагіняй, псіхалагіняй сямейных адносін, траўматэрапеўткай Зояй Прышывалкай пра дэфіцыт блізкасці і здаровую прывязанасць.

 

Што баліць беларусам і беларускам

– Як за апошнія гады змяніліся запыты да сэксалагіні і псіхалагіні сямейных адносін? Ці можна вылучыць новыя трэнды, болькі?

– У кліентаў, якія да мяне прыходзяць, стала больш запытаў, звязаных са зніжэннем сэксуальнага жадання: людзі звяртаюцца, бо перасталі хацець сэксу або не хочуць менавіта свайго партнёра. З'явілася больш запытаў, звязаных з рэалізацыяй жадання, гэта значыць з узбуджэннем: праблемы з эрэкцыяй у мужчын, праблемы з няўстойлівым узбуджэннем у жанчын.

Варта зразумець, што гэтыя праблемы не звязаны выключна з сэксуальнасцю, таму што сэксуальнасць чалавека не існуе асобна ад іншага яго жыцця. Гэта біяпсіхасацыяльны працэс. З аднаго боку, нешта будзе звязана з фізічным станам чалавека, бо многія людзі менш сочаць за здароўем з-за стрэсу. З іншага боку, на беларусаў дакладна ўплываюць знешнія падзеі.

Усё гэта я кажу з пазіцыі чалавека, які апошнім часам працуе ў асноўным з людзьмі, якія не жывуць у Беларусі. Працэс эміграцыі – гэта вельмі вялікі крызіс. У людзей часта няма прасторы для таго, каб працаваць са сваімі стратамі, даць месца смутку, злосці. Гэта можа ўплываць на ўзмацненне, з аднаго боку, дэпрэсіўных станаў, а з іншага – на ўзмацненне аўтаномнасці чалавека, звязанай з раздражнёнасцю, нерэалізаванай агрэсіяй, бяссіллем. І тады цяжка адчуць жаданне ўвогуле.

Яшчэ адзін трэнд, які я назіраю, – запыт на тое, каб быць у большым кантакце з сабой і са сваёй цялеснасцю, лепш разумець, чаго хочаш. Людзі нібыта згубленыя. Яны не разумеюць, чаго хочуць ад жыцця, ад сябе, ад партнёра/партнёркі, ад адносін, што ім падабаецца, што не падабаецца, што ім падыходзіць, – не праз рацыяналізацыю, а праз адчуванне сябе. «Што мне сапраўды важна і патрэбна?»

 

«Людзі нібыта згубленыя. Яны не разумеюць, чаго хочуць ад жыцця»

 

Кінуць нельга паправіць

– Ёсць адчуванне, што трэнд на ратаванне любых адносін змяняецца на трэнд «сыходзь, як толькі нешта не спадабалася». Як зразумець, што адносіны яшчэ можна – і варта – уратаваць?

– Па-добраму, для чалавека лепш не ўпадаць ні ў адну са скрайнасцей. Трэба памятаць пра тое, што, калі мы гаворым пра адносіны, якія выбудоўваюцца паміж людзьмі, немагчыма, каб усё заўсёды задавальняла. Людзі розныя. І партнёр/партнёрка не будуць заўсёды адпавядаць усім нашым чаканням. Гэта нармальна. У адносінах непазбежна будуць канфлікты, і пад канфліктамі я маю на ўвазе не сваркі з панажоўшчынай, а моманты, калі людзі спрабуюць заявіць і зразумець патрэбы адно аднаго там, дзе яны не супадаюць.

Дакладна варта сутыкнуцца з гэтай ідэяй «страчанага раю»: «Мой партнёр ніколі не будзе для мяне ідэальным». У рэальным жыцці гэта іншы чалавек, не такі, як вы. І таму сам факт, што ў адносінах з'явіліся нейкія цяжкасці, з якімі трэба разбірацца, не абавязкова азначае, што трэба сыходзіць.

 

«Варта сутыкнуцца з гэтай ідэяй "страчанага раю": "Мой партнёр ніколі не будзе для мяне ідэальным"»

 

Для мяне самы важны крытэрый – бяспека. Калі ў адносінах няма фізічнай пагрозы, няма пагрозы псіхічнаму здароўю, калі няма пастаяннага страху, калі няма абраз, прыніжэнняў, кантролю, калі няма гвалту, то захоўваць адносіны варта. Вы ж у іх чамусьці былі, значыць, яны для вас чымсьці каштоўныя. З павагі да гэтай каштоўнасці варта паспрабаваць зразумець, як можна перадамовіцца. І тады галоўным пытаннем у захаванні адносін будзе тое, ці хочуць абодва чалавекі іх захаваць.

Ці разумеем мы наогул, навошта нам гэтыя адносіны? Чаго мы хочам разам і паасобку для нас дваіх? Як мы бачым свае каштоўнасці, якія нас аб'ядноўваюць? Што мы гатовы зрабіць для таго, каб рэалізаваць задуманае? Ці гатовы мы нейкім чынам двухбакова мяняцца? Пры гэтым важна не толькі патрабаваць змен з боку іншага чалавека, але і заўважаць, што робіць іншы чалавек дзеля сумеснай будучыні.

Вядома ж, для ўсіх гэтых рэчаў трэба ўмець камунікаваць. Добра было б навучыцца слухаць, чуць, дамаўляцца, заўважаць патрэбы свайго партнёра / сваёй партнёркі, добра было б вытрымліваць адрозненні, шукаць рашэнні, якія кожнага з нас будуць задавальняць і не будуць спалучацца з самаахвяраваннем.

Але варта памятаць і пра тое, як складана выціснуць сок з сухафрукта. Каб займацца адносінамі, патрэбны час, энергія, увага. І калі вы будзеце думаць пра гэта як пра яшчэ адну працу, магчыма, лепшым варыянтам будзе альбо нічога не рабіць, і яно неяк само разваліцца ці разаўецца, альбо сысці.

 

 

Як дасягнуць блізкасці і па-здароваму прывязацца

– Усё часцей кажуць пра дэфіцыт сапраўднай блізкасці. Дзе мы губляем тую блізкасць? Як яна ўвогуле фармуецца?

– Блізкасць – гэта магчымасць даволі поўна прысутнічаць з сабой (як бы тое ні гучала) побач з іншым чалавекам. І захоўваць пры гэтым сваю аўтаномнасць, быць іншым і быць убачаным не толькі ў нейкіх цудоўных рэалізацыях, але і ў праявах, якія не заўсёды сацыяльна ўхваляюцца. І пры гэтым вытрымліваць роўна тое ж самае ў дачыненні да іншага чалавека, асобнага ад нас, са сваімі жаданнямі і патрэбамі.

Для таго каб навучыцца сустракацца ў гэтай блізкасці з іншым чалавекам, добра было б навучыцца сустракацца ў гэтай блізкасці з сабой. Разумець сябе: што я адчуваю, чаго я хачу, дзе мае межы, што са мной адбываецца. І ўмець пра гэта казаць і чуць іншага, праяўляць эмпатыю, вытрымліваць фрустрацыю ў несупадзеннях і не перажываць яе як пастаянную пагрозу адносінам.

У сучасным свеце назіраем парадаксальную сітуацыю: з аднаго боку, у нас з'явілася больш магчымасцей для таго, каб пазнаць сябе. Псіхатэрапія, купа інфармацыі пра псіхалогію, шмат размоў пра пачуцці. Гэта дае добрую базу для таго, каб падрыхтавацца быць у блізкасці, і мы сталі будаваць блізкасць не толькі ў рамантычных адносінах, але і з сябрамі, са сваякамі, у розных супольнасцях.

Але, з іншага боку, у чалавека зараз купа прапаноў для таго, каб не сустрэцца са сваімі патрэбамі наўпрост або каб працаваць з гэтымі патрэбамі не праз блізкасць. Таму людзі, якім адзінока, трывожна, не хапае кантакту, часта могуць не ісці ў блізкасць з іншым чалавекам, а ідуць туды, дзе лягчэй насыціцца: у сацсеткі, у гульні, у прагляд серыялаў, у працагалізм – і нават у тэрапію, дзе прастора так пабудавана, што тэрапеўт абслугоўвае патрэбы, і гэта вельмі прывабная штука: чалавеку хочацца заставацца там, дзе шмат чаго для яго.

Уласна, праблема не ў тых рэчах, што я пералічыла, а ў тым, калі толькі яны і застаюцца: мы нейкім чынам рэалізуем свае патрэбы, але з іншага боку – патрэбы прыглушаем. Людзі нібыта сталі менш цярпімымі. Ім цяжка прыняць, што іх могуць не зразумець, ім могуць адмовіць, што могуць захацець іншага. Людзі не хочуць расчароўвацца. А блізкасць прадугледжвае пэўную ступень рызыкі: прынесці свае жаданні і вытрымаць нейкае несупадзенне.

– А як выглядае здаровая прывязанасць?

– Гэта стан, у якім я магу абапірацца на іншага чалавека, але пры гэтым я не перастаю быць асобным чалавекам. Так, нам патрэбна здаровая прывязанасць. Чалавеку патрэбны чалавек.

Цяпер шмат кажуць пра аўтаномнасць і пра тое, што мы можам самі задаволіць свае патрэбы. Але наша патрэба ў іншых людзях нікуды не знікае, таму што яны нам патрэбныя не толькі для таго, каб не адчуваць сябе адзінокімі. Бо толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі з'яўляецца магчымасць асэнсаваць сябе. І якраз у здаровай прывязанасці шмат бяспечнай прасторы для самадаследавання.

 

«Толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі з'яўляецца магчымасць асэнсаваць сябе»

 

У такіх адносінах я магу быць розным: магу не толькі быць класным, але і памыляцца, мяняцца і не чакаць, што кожнае маё змяненне паставіць нашы адносіны пад пагрозу. Гэта бяспечна. І там абавязкова будзе ўвесь нармальны спектр эмоцый, які ёсць у чалавека, уключаючы злосць і трывогу.

У здаровай прывязанасці мы можам браць часовую дыстанцыю, калі нам трэба, і вяртацца зноў у больш блізкі кантакт. І так, там будзе шмат магчымасцей развіць сваю аўтаномнасць. Таму што калі я ўпэўнены ў сувязі з іншым чалавекам, мне прасцей не быць да яго прылепленым, прасцей даследаваць свет, сябе, займацца сваімі справамі, мець свае інтарэсы. Мне не трэба ўвесь час правяраць, ці ёсць паміж намі сувязь.

 

Калі не ведаеш, чаго хочаш

– Нягледзячы на тое, што цяпер мы маем шмат кантэнту пра адносіны і сэкс, людзі ўсё роўна часта не ведаюць, што ім насамрэч трэба. Узнікаюць пакутныя сітуэйшаншыпы і да таго падобнае. Ці ёсць нейкія прыёмы «хуткай дапамогі», каб пачаць з гэтым разбірацца?

– Каб зразумець, чаго чалавек хоча, вельмі важна гэтаму чалавеку ўсталяваць кантакт з сабой. Для гэтага патрэбны час, адсутнасць напружанак і навык задаваць сабе пытанні і адказваць на іх не з галавы, а з цялесных адчуванняў.

Таму я б пачынала не з аб'ёмаў інфармацыі, якія трэба вывучыць, а з таго, каб выдзеліць сабе час на кантакт з сабой. Можа, раз на дзень, можа, некалькі разоў на дзень. Напрыклад, рэгулярна задаваць сабе пытанне: як я сябе адчуваю па дзесяцібальнай шкале камфорту, дзе дзесяць – гэта самае камфортнае? Калі мне некамфортна, што я магу з гэтым зрабіць? І не адказваць з галавы: «Думаю, я адчуваю сябе добра», а літаральна задаваць пытанне целу. «Я адчуваю, што ў мяне расслабленая дупа, спіна, плечы, і таму мне камфортна на дзясятачку». Або «Я пачуваюся на восем, але калі прыбяру сонца, якое свеціць у вока, будзе зусім добра».

Можна яшчэ задаваць сабе пытанне: што я цяпер адчуваю? Тут менавіта пра цялесныя адчуванні і эмоцыі. У чым я маю патрэбу? Не трэба шукаць адразу вялікія адказы пра ўсё жыццё наперадзе – думайце пра тое, што адбываецца тут і цяпер. Чаму я выбіраю штосьці рабіць? Таму што мне прыемна гэта рабіць ці з пачуцця віны? Я хачу зараз размаўляць ці хачу пабыць у адзіноце без нейкай сэнсарнай нагрузкі? Вось з такіх маленькіх прыпынкаў пачынаецца магчымасць асэнсаваць у жыцці штосьці большае.

Але ў сучаснага чалавека ёсць праблема. Праз «паспяховы поспех» і KPI часта страчана магчымасць спыніцца, каб задаць сабе пытанне пра сябе. Акрамя таго, у многіх людзей страчана сувязь са сваёй цялеснасцю. Бо калісьці было настолькі балюча, што стала прасцей жыць у галаве. І калі пачынаць вяртацца да сябе, то можна адчуць тое цела, якое раней адчуваць не хацелася. Таму многія людзі і не ідуць у гэтую цялеснасць і яе не вывучаюць.

 

«Нервовая сістэма чалавека цэльная, і адчуванні цела адразу намякаюць на нейкі камфорт ці дыскамфорт»

 

А нервовая сістэма чалавека цэльная, і адчуванні цела адразу намякаюць на нейкі камфорт ці дыскамфорт: калі мы гаворым, напрыклад, пра адносіны, то варта пачаць з таго, як у гэтых адносінах рэагуе цела? Ці ёсць у ім напружанне, калі я побач з іншым чалавекам? Ці ёсць пачуццё злосці, страху? А калі б гэтага ўсяго не было, я б хацеў заставацца з гэтым чалавекам? Што мне замінае зрабіць выбар? Часта людзі ведаюць адказы, але не хочуць спраўляцца з наступствамі, якія пасля гэтага адказу наступяць.

Яшчэ можна пытацца ў сябе: які маленькі крок я магу зрабіць для таго, каб стаць бліжэй да таго, што мне падыходзіць?

 

 

Мы ў парадку?

– Для здароўя мы мусім рабіць чэкапы. Ці можна нейкім чынам рабіць чэкапы блізкасці і развіцця адносін?

– Варта рабіць чэкап у адносінах, але давайце не будзем гэтыя чэкапы прыраўноўваць да табліц эфектыўнасці і KPI у бізнэсе. Сэнс у тым, каб быць у кантакце, перыядычна звярацца, не губляцца за побытам.

Задаваць пытанні партнёру/партнёрцы трэба не толькі пра дрэннае, а ў першую чаргу пра добрае. Пяць ключавых пытанняў такія: што ў нас добра, на тваю думку, зараз? Што, магчыма, цябе напружвае? Чаго табе не хапае ў адносінах? Што б ты хацеў/хацела паспрабаваць змяніць? І што вельмі важна для цябе ў нашых адносінах захоўваць?

Размаўляць пра адносіны таксама трэба ўмець. Выбіраць для гэтага правільнае месца, правільны час, фармулёўкі. Трэба казаць я-паведамленнямі. І самае важнае – памятаць пра тое, што людзі мяняюцца паасобку. Людзі праходзяць нейкія крызісы, і добра было б рабіць зверку. Таму што адносіны звычайна абазначаюцца праз нейкую мэту: мы ідзём разам да чагосьці, абапіраючыся на нашыя каштоўнасці. Ці супадаюць яшчэ гэтыя каштоўнасці? Гэта класна правяраць, роўна як і тое, ці ёсць у нас нейкія правілы, ці памянялася штосьці, ці варта змяніць нейкія дамоўленасці. Не чакайце, што штосьці паламаецца.

– Ці можна свядома «перабудоўваць» свае адносіны пасля некалькіх гадоў разам? І ці трэба?

– Гэта непазбежны працэс, і ён будзе адбывацца альбо свядома, альбо несвядома. Мы мяняемся. Старыя формы адносін могуць не працаваць. Старыя дамоўленасці могуць не працаваць. У людзей могуць наступаць крызісы – паасобку і разам. І мы можам звяртаць ці не звяртаць на гэта ўвагу, але калі ўсё ж такі звернем і разам абмяркуем, што адбываецца, то, магчыма, зможам і далей жыць разам ужо ў тым, што перабудавалася. Вядома, займацца гэтым трэба дваім. Нельга аднаму штосьці прыдумаць, прыйсці, пакласці план і паставіць чалавека перад фактам.

 

«Нельга аднаму штосьці прыдумаць і паставіць чалавека перад фактам»

 

Сталыя доўгатэрміновыя адносіны – гэта адносіны, якія наогул пастаянна мяняюцца і людзі ў якіх здольныя перажыць змены разам з найменшымі стратамі адно для аднаго.

Трэба разглядаць варыянты. Напрыклад, людзі сабраліся купляць жытло. Ім варта перагледзець некаторыя рэчы: як яны будуць пераязджаць, як у іх пераразмяркуецца бюджэт. Або вырашылі завесці дзіця. І зноў трэба сесці і пагаварыць, хто ў гэты час у дэкрэце будзе, як будуць грошы размяркоўвацца і так далей. Або чалавек сур'ёзна захварэў. Зноў трэба пагаварыць: на што звярнуць увагу, ад чаго, магчыма, прыйдзецца адмовіцца, што важна прынесці; можа, пайсці ў сумесную тэрапію.

Калі кіраваць працэсам перабудовы адносін, то, хутчэй за ўсё, ён пойдзе па такім рэчышчы, якое ўсім падыходзіць. А калі працэс апынецца некіравальным, то адносіны перабудуюцца ўсё роўна, але вы доўга будзеце думаць: «А што наогул адбылося?» Або разбірацца з гэтым пастфактум.

 

Адносіны без KPI

– Ці не ператвараюцца адносіны ў яшчэ адзін праект самаразвіцця? Нам даводзяць, што трэба правільна камунікаваць, ведаць свае межы, хадзіць на тэрапію… А як жа жыццё само па сабе?

– Вядома, можна прыдумаць боль для чалавека і зарабляць на гэтым грошы. Чалавеку кажуць: «Слухай, ты нейкі не такі. Зрабі, калі ласка, вось так, так і вось так. Я цябе гэтаму навучу, купі ў мяне гэта». Так працуе ўся эканоміка, але цяпер у нас з'явіўся яшчэ і новы кірунак – бясконцае самаразвіццё, у тым ліку ў адносінах.

Але адносіны – гэта ўнікальная магчымасць чалавеку зразумець сябе, а не развіцца. Ніякае развіццё не магчымае (і не заўсёды наогул патрэбнае), калі чалавек не разумее, хто ён ёсць. Не ўсім людзям трэба быць звышразвітымі і амбіцыйнымі. Класна зразумець, хто я такі, хто я ёсць, чаго я хачу, што я хачу ад свету, ад іншага чалавека і колькі я магу свету і іншаму чалавеку даць. І адносіны – шанец пабыць у прасторы, дзе я магу камусьці сябе вось такога прынесці, штосьці даць, штосьці ўзяць, абмяняцца, атрымаць нейкую сінэргію.

 

«Адносіны – класная прастора для таго, каб зразумець кропку свайго бяссілля»

 

А яшчэ адносіны – класная прастора для таго, каб зразумець кропку свайго бяссілля. Шчыра задаць сабе пытанне: у чым я абмежаваны? Дзе мае паўнамоцтвы заканчваюцца? Зразумець, што часта не можаш справіцца з акалічнасцямі і змяніць іншага чалавека, змірыцца з гэтым, бо ўсе мы неідэальныя. Вельмі класна, калі адкрываецца ўласнае бяссілле. Таму што роўна тады адкрываецца магчымасць зразумець свае моцныя бакі і іх развіваць. Як і ў адносінах, у камунікацыі з іншым чалавекам, так і наогул са светам.

Каб жыць жыццё ў адпаведнасці са сваёй самасцю, трэба да гэтай самасці дабрацца. А дабрацца да самасці прасцей за ўсё, хоць гэта і цяжка (і парадаксальна), – у адносінах. Я лепш за ўсё разумею, хто я ёсць, менавіта калі знаходжуся з кімсьці ў кантакце. І так, тады я магу зразумець, што я хачу, і лепш за ўсё жыць сваё жыццё – жыццё само па сабе.

 

***

Калі табе, як і нам, хочацца яшчэ больш даведацца ад Зоі Прышывалкі пра адносіны і ты 17 жніўня будзеш у Варшаве, прыходзь у Local на жывую сустрэчу з серыі «Паўгадзіны кардыя», якую хосцяць Ліза Ветрава, Ліна Цапава і Макс Паршута. Разам з Зояй прапануюць абмеркаваць, у чым мы баімся прызнацца сваім каханым людзям і пра што не размаўляем у стасунках. Квіткі тут.