Прэм’ера кліпа: Syndrom Samazvanca калядуюць летам

У новым кліпе Syndrom Samazvanca шчадруе ў летняй Варшаве пад песню «Pa-za hajem» з альбому «Mahajba».
Музыкі збіраюць па горадзе «выпадковых» мінакоў, танчаць на мосце і пад мостам ды ідуць насуперак змрочнай рэчаіснасці. Зняла відэа Даша Каляда, а сярод герояў гісторыі заўважаныя музыка Сяргей Пукст і актрыса Таццяна Папова.
Даша Каляда,
аператарка і рэжысёрка:
– Каляда зняла калядны кліп улетку. Калі пачула песню, наогул не тое думала здымаць, а нешта змрочнае, ідучы за тэкстам. А потым хлопцы «пасунулі» ідэю, распавёўшы пра карнавальны марш, які ходзіць па вёсцы і грукаецца да гаспадароў-цароў.
Гэта відэа пра свята і захоп планеты. Калядны цар і музыкі захопліваюць горад, які спачатку не адгукаецца, а потым усе бяруць удзел у гэтым карнавале. Нам патрэбны былі яркія сонечныя промні і адчуванне «ад світання да заходу», таму мы рабілі вялікі здымачны дзень з трох ночы да сямі раніцы, а пасля вылоўлівалі рэдкія сонечныя дні. Пераносілі світальныя змены і сустракаліся дарма, бо сонца не выходзіла на працу.
З камэа нам вельмі пашанцавала, Пукст і актрыса Таццяна Папова – абсалютна незаменныя персанажы. Насамрэч на рэдкасць яркія людзі сабраліся, якія не гралі на камеру, а проста самі кайфанулі – відаць, так гэта заразліва.
Уладзь Лянкевіч,
гурт Syndrom Samazvanca:
– Мы ганяліся за ранішнім сонцам, бо менавіта пад пэўным вуглом яно трапляла ў аб'ектыў патрэбным чынам. Некалькі разоў хмары перамагалі, і, паблукашы ў поўным «калядным» абмундзіраванні, мы проста пераапраналіся і ехалі хтосьці дасыпаць, хтосьці на працу.
Відэа шмат у чым для нас незвычайнае, нязвыклае. Ідэя палягала ў тым, каб нягледзячы на рэчаіснасць, якая штодня ўрываецца ў нашыя жыцці бруднымі ботамі, паспрабаваць ухапіць за хвост сонца. Хай сабе хоць на пяць хвілін, пакуль гучыць песня.