SOYUZ дропнуў шматмоўны альбом «Krok»
Над чарговай плыткай гурт, які так падабаецца мелагурманам, працаваў тры гады.
Праца пачынался яшчэ ў Менску, а працягнулася ўжо ў Сан-Паўлу, Варшаве і Стакгольме. «Гэта было падарожжа як унутранае, так і знешняе. Лічым, што яно было таго варта, і спадзяемся, што вам спадабаецца гэтак жа, як і нам», – напісалі музыкі ў інстаграме. Назва «Крок» і тэма падарожжа чырвонай ніткай уецца па габелене чацвёртага альбома SOYUZ. Гурт сапраўды прайшоў доўгі шлях, падчас якога змяніўся і яго склад. Цяпер з Алексам Чумаком і Мікітай Арловым гэтую гісторыю пішуць польскія музыкі. Таксама да стварэння альбома далучыліся бразільскія калегі, а Цім Бернандэс выступіў з гасцявым вакалам на трэке «Lingua Do Mundo». На фіце ў «Smak žyćcia» – японская аўтарка і выканаўца Манамі Какуда.
«У новым альбоме ўсё шчыра, з любоўю і ўвагай да дэталяў, – адзначае тэлеграм-канал «Клік». – Хтосьці назаве гэта якасным прафесійным гукам – і мае рацыю, але тут ёсць нешта большае – настрой, прыгажосць і нават нейкі глянец. Паслухайце “P7 Blues” і “VCB”. Абодва трэка без слоў, але расказваюць гісторыі не горш за песні з вакалам. Першы быццам пераносіць цябе на стыльны свецкі раўт, а другі адчуваецца як паездка ў кабрыялеце па італьянскім узбярэжжы дзе-небудзь у Палерма пад 30-градусным сонцам».
Альбом даступны на стрымінгах, а таксама на вініле і CD.