У Ketevan выйшла музычнае відэа «Птушкі»

Ketevan прэзентавала кліп на трэк для сумных танцаў «Птушкі». Рэжысёркай відэа выступіла Дар’я Каляда.
«Песня пра свабоду і ўнутраныя галасы, што імкнуцца на волю», – так апісвае свой твор артыстка, якая працягвае супрацоўніцтва з саўндпрадзюсарам SUNPL8 і рухаецца ў транс-танцавальнай плыні, падмацаванай беларускамоўнай лірыкай.
Нагадаем, што пад імем Ketevan выступае Кетэван Асраташвілі – беларуская спявачка з грузінскімі каранямі. Яе фіт з Palina «Месяц» сабраў на YouTube больш за 4,9 мільёны праглядаў. Летась разам з SUNPL8 Ketevan выдала трэк «Мой космас», які эстэтычна тэлепартуе прыкладна ў 2000-я.
Дарэчы, калі цікавішся беларускай электроннай музыкай, раім паслухаць падкаст «Ікарус», які распавядае пра айчынныя рэйвы і клубны варушняк, або пачытаць яго тэкставыя версіі.