«Не было адчування, што я на іншай планеце»: аповед гінекалагіні Аляксандры пра місію ў Кеніі
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 12.05.2025
- 409
Маладая акушэр-гінеколаг Аляксандра Гваздзёва жыве і працуе ў Чэхіі, а ў сакавіку 2025-га яна ў межах чэшскай місіі на тры тыдні адправілася ў бальніцу ў кенійскай глыбінцы. Там ёй давялося жыць у сціплых умовах, прымаць роды з налобным ліхтарыкам, назіраць асаблівае стаўленне да жыцця і смерці ў веруючай патрыярхальнай супольнасці. Падчас місіі Аляксандра набыла не толькі новыя скілы, але і сяброўства мясцовых калег і натхненне іх культурай. 34mag.net распытаў пра тое, як гэта было.
Аляксандра Гваздзёва,
акушэр-гінеколаг
Нырэц у абсалютна невядомую культуру
– Якая ў цябе была матывацыя, каб упісацца ў такую гісторыю?
– Аб гэтай магчымасці я ведала са студэнцкіх гадоў. Адна чэшская дабрачынная арганізацыя дапамагае маленькай бальніцы ў гарах Кеніі: спансіруе яе, закупляе лекі і абсталяванне. Праз недахоп лекараў бальніца не можа дазволіць сабе мясцовых спецыялістаў, і туды ездзяць чэшскія лекары і студэнты-медыкі, каб працаваць, дапамагаць, павышаць якасць медыцынскага клопату аб людзях, а таксама вучыцца, пераймаць досвед.
Як толькі я адчула, што ўжо магу нешта рабіць сама і мне ёсць што прапанаваць, я вырашыла гэтым скарыстацца. Узяла адпачынак на сваёй асноўнай працы і скарысталася сваімі назапашваннямі (ад місіі ты ніякіх грошай, зразумела, не атрымліваеш).
– А які сэнс увогуле чэхам фінансаваць нешта ў Кеніі?
– Бальніцу фінансуе The Adventist Development and Relief Agency (ADRA), і гэта адвентысцкая лякарня, у ёй працуюць мясцовыя адвентысты. Але ніякай рэлігійнасці ў нашай рабоце не было.
20 гадоў таму адзін фельчар хуткай дапамогі загарэўся марай – працаваць у кантэксце нізкіх рэсурсаў. Ён прыдумаў праект і дамовіўся з арганізацыяй, каб яна вылучыла на яго грошы. Фельчар хацеў знайсці бальніцу абавязкова ў цяжкадаступным рэгіёне, дзе ёсць вялікія праблемы з аховай здароўя. І вось у падарожжы па Кеніі ён патрапіў у вёску Іцібо, дзе ў фельчарскім пункце працавала адзіная медсястра Элізабет. Па легендзе, якую распавядае наш лідар місіі, у яе было адно лязо «жылет», якое яна мыла ў вадзе, каб разрэзаць абсцэс, – і гэта было адзінае, чым яна магла дапамагчы. З тых часоў стваральнік праекта займаецца паляпшэннем гэтай лякарні. Яна фінансуецца з Чэхіі, але і на мясцовым узроўні таксама. Супрацоўнікі самі плацяць сабе заробак. Гэта ўстойлівы праект.
Каманда Аляксандры па прылёце ў Кенію. Аляксандра – пятая злева. Крайні злева – лідар місіі Алеш Барта, які 20 гадоў робіць гэты праект.
– У цябе былі асцярогі перад паездкай? Напрыклад, захварэць на нешта сур’ёзнае.
– Там сапраўды вялікая рызыка заражэння малярыяй, таму мы прымалі антымалярыйныя лекі ўвесь час, пакуль там былі. Другая прычына смяротнасці ў Кеніі – гэта СНІД, а першая – сухоты. Але, ведаючы гэтыя рызыкі як лекар, ты заўсёды можаш абараніцца.
Я больш перажывала, што каго-небудзь пакрыўджу, бо не ведаю культуру, не змагу быць культурна адчувальнай і буду рабіць памылкі. Вядома, я не змагла абсалютна пераадолець гэтую розніцу. Я прыехала з развітой краіны, і бюджэт на ежу ў нашай каманды быў як бюджэт адной сям'і на некалькі гадоў жыцця ў іх умовах. Гэта непераадольныя бар'еры, але разам з мясцовымі медсёстрамі мы рабілі адну справу. Яны бачылі, як я працую, я бачыла, як яны працуюць, і ў нас атрымалася стаць добрымі сябрамі ў прафесійным кантэксце, а потым і ў персанальным.
«Бюджэт на ежу ў нашай каманды быў як бюджэт адной сям'і на некалькі гадоў жыцця ў іх умовах»
– А вас неяк уводзілі ў культурны кантэкст перад паездкай?
– Не тое каб. Але я сама даўно цікаўлюся барацьбой з расізмам, правамі чалавека. Перад паездкай нагбом прачытала кнігу «Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка» Рышарда Капусцінскага. Гэта польскі рэпарцёр, які нарадзіўся ў Пінску. У 1960-я гады, калі распачалася дэкаланізацыя і афрыканскія краіны адна за адной атрымлівалі незалежнасць, ён быў адзіным журналістам з Усходняй Еўропы, які апісваў гэта з месца падзей, – у тым ліку згадваў Кенію. Кніга мяне вельмі натхніла. Яна апісвае Афрыку вельмі гуманна. Не як басаногую, бедную і абадраную. Вельмі рэкамендую ўсім пачытаць.
Незвычайныя выпадкі і «кабачок» на гасцінец
– У якіх умовах вы жылі?
– Лякарня знаходзіцца ў вельмі беднай вобласці на захадзе Кеніі, на ўзвышшы каля дзвюх тысячах метраў. Вакол – чайныя плантацыі, гаспадарчыя землі, вёска, дзе жывуць пераважна фермеры. У лякарні ёсць домікі для мясцовага персаналу, дзе яны жывуць. І ёсць домік для чэшскага персаналу, які прыязджае і з'язджае. Мы жылі ўшасцёх у адным вялікім пакоі з двух’яруснымі ложкамі пад маскітнымі сеткамі.
У нас была электрычнасць, хаця часам яна знікала. Былі душ і пральная машына, але вады, каб памыцца і папраць, 70% часу не было. Калі ішлі дажджы, напаўняўся рэзервуар або ў калодзежы з'яўлялася вада, і тады маглі нешта хуценька памыць ці памыцца адзін-два разы на тыдзень. Умовы для нас былі даволі спартанскія, але для мясцовых абсалютна лакшэрныя, бо, напрыклад, электрычнасць у вёсцы не працягнута да хатак. Людзі не могуць дома зарадзіць свае тэлефоны. Ёсць спецыяльная будачка, маленькі вясковы бізнэс, дзе ў чалавека пяць разетак, і тэлефоны зараджаюць у яго.
– Якая сітуацыя з мясцовай практыкі цябе асабліва ўразіла?
– Быў выпадак, калі муж хацеў забіць жонку. Яна дала яму адпор, а ён напіўся нейкага інсектыцыду, атруціўся. Да нас яго прыцягнулі без прытомнасці. Мы яго адкачалі, зрабілі ўсё, што трэба, і ён пайшоў на папраўку. Ужо на наступны дзень размаўляў, жартаваў. А ў Кеніі такая культура, што да кожнага пацыента прыходзіць вельмі шмат сваякоў і сяброў. Усе яму нечым дапамагаюць, кормяць, пояць. І здымаюць гэта на памяць. Калі пацыента вылечыш і адпраўляеш дадому, то ўся яго сям'я – бабулі, дзядулі, цёткі, дзядзькі – з табой абавязкова сфатаграфуюцца.
І вось да гэтага мужчыны прыйшла яго жонка і накарміла яго абедам. Пасля чаго яму стала горш. Ён перастаў з намі камунікаваць, страціў прытомнасць. Ад яго ішоў свежы пах інсектыцыду, і ў нас не было іншай версіі, акрамя таго, што жонка прыйшла і атруціла. У Еўропе такое немагчыма ўявіць, яе ў еўрапейскіх умовах і не пусцілі б, а тут іншыя нормы. І ніхто гэтую жонку не вінаваціць, бо гэты мужчына хацеў яе забіць. Ну, мы яго адкачалі.
«Калі пацыента вылечыш і адпраўляеш дадому, то ўся яго сям'я з табой абавязкова сфатаграфуецца»
– Ты казала, што даводзілася прымаць роды без электрычнасці.
– Так, аднойчы я клалася спаць, і мяне разбудзілі стукам у акно. Прыйшла ў лякарню, а там у жанчыны вялікі крывацёк. У краінах, якія развіваюцца, у родах большасць жанчын памірае ад страты крыві. І вось у яе цячэ кроў, трэба зрабіць працэдуру, а святла няма. Дзіця ўжо было народжанае, і яму трэба было ачысціць дыхальныя шляхі. Я кажу: «Уключайце адсмоктвальнік і адсмоктвайце». А калегі кажуць: «Электрычнасці няма, не можам». Але зрабілі ўсё, дзіцятка выжыла, мама таксама.
Ёсць сонечныя батарэі, але і з імі трэба было абіраць: або ўключыць лямпу і свяціць на маму ў родах, або ўключыць падагрэў ложка для дзіцяці. Вырашылі, што не будзем уключаць ложак. Далі дзіця маме на грудзі – гэта як бы таксама ложак з падагрэвам.
Яшчэ была кранальная гісторыя з апошнімі родамі, якія я там прыняла. Джудзі хадзіла да нас, яшчэ калі была цяжарная, я рабіла ультрагук, мы з ёй пасябравалі. Потым я прыняла роды, кудысьці з'ехала, а калі вярнулася, медсёстры кажуць: Джудзі назвала сваю дачку Сашай. Я не паверыла, і тады мне паказалі пасведчанне аб нараджэнні, дзе было напісана: «Саша Керуба». Цяпер ходзіць там па вёсцы дзяўчынка Саша Керуба. Гэта вельмі кранальна.
– У нас лекарам часта носяць гасцінцы. А ў Кеніі частуюць?
– У Кеніі не ва ўсіх пацыентаў ёсць страхоўка, бо многія не працуюць афіцыйна ці ў іх увогуле няма працы. Таму часам сваякі пацыентаў, якія не могуць аплаціць сваё лячэнне, прыносяць пакеты з тым, што яны маюць. Напрыклад, з бульбай. Аднойчы ў дзень дзяжурства па доме я зазірнула ў такі пакет і ўбачыла там кабачок. Я падумала: як у Беларусі! Вось, гэта паўтараецца і ў Кеніі – табе прыносяць кабачок. Потым, праўда, панюхала яго – і кабачок аказаўся папаяй.
«Я падумала: як у Беларусі! Вось, гэта паўтараецца і ў Кеніі – табе прыносяць кабачок»
– Ты заспела згортванне праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). СМІ пісалі, што найбольш гэта ўдарыць па краінах Афрыкі. Ці бачыла ты прамыя наступствы на свае вочы?
– Эмблема USAID там усюды, на кожным плакаце аховы здароўя. У Кеніі была вялікая праграма па ВІЧ-інфекцыі, дзякуючы якой удалося спыніць зусім драматычны распаўсюд ВІЧ. Людзі перасталі паміраць так, як паміралі ў 1990-я, у 2000-я. І ў нашай вёсцы была вельмі класная спецыяльная праграма, быў стаф, які займаўся ВІЧ-пазітыўнымі людзьмі. У іх быў асобны домік, дзе працаваў вельмі прагрэсіўны peer-кансультант, то-бок ВІЧ-пазітыўны чалавек, які дапамагаў ВІЧ-пазітыўным людзям у вёсцы і працаваў супраць стыгмы.
Па прыездзе я вельмі хацела пазнаёміцца з усімі гэтымі людзьмі. Але яны ўсё не прыходзілі і не прыходзілі. Аказалася, іх звольнілі за тыдзень да таго, як мы прыехалі, таму што USAID скончыўся. Цяпер прагназуюць вялікі негатыўны ўплыў, бо мясцовы ўрад пакуль не здолеў гэтую праграму аднавіць. Людзі перасталі атрымліваць лекі, яны проста зачыненыя ў шафцы. Хто прыйдзе, той атрымае, канешне, але комплекснага падыходу да праблемы больш няма.
«Людзі перасталі атрымліваць лекі, яны проста зачыненыя ў шафцы»
Глыбокая вера, жывыя вёскі і шматаблічча краіны
– Якімі запомніліся табе мясцовыя?
– Мае кенійскія калегі падаліся мне вельмі адкрытымі, добрымі і разам з гэтым вельмі рэлігійнымі. Ва ўсёй краіне забароненыя аборты, і яны лічаць, што гэта добра. У Кеніі распаўсюджана каталіцтва, розныя пратэстанцкія адгалінаванні хрысціянства, і дзесьці 10% вызнаюць іслам. Мне здаецца, што вера дапамагае ім спраўляцца з вельмі складаным жыццём.
Усё звязанае з дзетараджэннем там лічыцца пасланым богам. І яны хутка зміраюцца з тым, што дзіця памерла. «Так хацеў бог». Калі ў Кеніі памірае дарослы чалавек, гэта вельмі вялікая трагедыя, усё ў істэрыцы б'юцца, катаюцца па зямлі. А калі памірае дзіця ў родах, гэта не ўспрымаецца так трагічна. У мяне быў выпадак ранніх родаў, да мяжы выжывальнасці дзіцяці. У Еўропе гэта быў бы вельмі-вельмі вялікі ўдар для сям'і. Гэта звязана і з тым, як мала дзяцей нараджаецца ў Еўропе, і з тым, што сям'я можа прайсці вельмі складаны шлях да бацькоўства.
Ёсць і такі культурны момант. Калі нараджаўся хлопчык – заўсёды было вялікае свята. Літаральна кідаліся мне ў ногі. Я выношу дзіцёнка, бабуля паказвае, што гэта хлопчык, – і ў сям'і такая радасць, песні спяваюць. А калі выношу дзяўчынку: ну окей, нарадзілася дзяўчынка. Вядома, гэтае наступства патрыярхату, і гэта звязана з каланіялізмам і хрысціянствам. Да хрысціянства грамадскі лад у Кеніі быў зусім іншым. Былі матрыярхаты, былі вяселлі паміж жанчынамі – невядома, рамантычныя ці не, але каб гадаваць разам дзяцей, напрыклад.
«Да хрысціянства лад грамадства ў Кеніі быў зусім іншым. Былі матрыярхаты, былі вяселлі паміж жанчынамі»
– Ты паспела павандраваць па краіне. Што цябе асабліва ўразіла?
– Калі скончылася місія, я паляцела на ўзбярэжжа акіяна, а потым паехала назад на цягніку праз усю краіну. Была на сафары. Спускалася ў горад Кісуму, які знаходзіцца на возеры Вікторыя. Была ў Мамбасе, горадзе з вялікім арабскім уплывам. У апошні дзень падарожжа я таксама была на рэйве ў Найробі з мясцовым сябрам квір-актывістам. Мне ўдалося ўбачыць і вельмі глыбокую Кенію. Калі людзі мяне распытвалі, дзе я працавала, я называла бліжэйшы горад – Ньяміра. А яны казалі: «Калі вы былі ў Ньяміры, значыць, вы бачылі Кенію». Гэта, напэўна, як «калі вы былі ў Хойніках» для Беларусі.
Мне вельмі спадабаліся кенійцы. Я натхнілася тым, як яны жывуць. Іх вёска – асабліва ў параўнанні з беларускай – такая жывая, там столькі дзяцей! Калі параўноўваць з еўрапейскім грамадствам, то ніякае звычайнае чэшскае дзіця не бавіць столькі часу са сваімі сябрамі, гуляючы. У яго нават і няма столькі сяброў.
«Мне казалі: “Калі вы былі ў Ньяміры, значыць, вы бачылі Кенію”. Гэта, напэўна, як “калі вы былі ў Хойніках” для Беларусі»
Кенійская вёска зусім іншая. Сельская гаспадарка – гэта дасюль вялікі сектар эканомікі і асноўная крыніца прыбытку. У вёсцы ёсць інфраструктура, там будзе пяць цэркваў розных веравызнанняў, пяць школ, адна медсястра, нейкі більярдны стол і бабка, якая пячэ ўсім бульбу. Гэта зусім іншы лад.
Кенія вельмі розная, і ў ёй ёсць усё: узбярэжжа, горы, неверагодныя жывёлы, прырода. Людзі вельмі цікавыя. Розныя рэлігіі абсалютна. Але ў мяне не было пачуцця, што я ў нейкім іншым свеце. Мне ўдалося з мясцовымі сінхранізавацца, неяк іх зразумець, выкарыстоўваючы ў тым ліку свае беларускія досведы, напрыклад дзяцінства ў вёсцы. У мяне не было адчування, што я на іншай планеце. Гэта адна планета, адны і тыя ж людзі.
– Куды паедзеш зараз?
– Кажуць, што, аднойчы пабываўшы лекарам на місіі і сербануўшы адрэналіну, рызыкуеш атрымаць прывыканне. Ёсць людзі, якія не могуць адаптавацца да свайго звычнага ўкладу. Яны потым усё жыццё ездзяць на экспедыцыі, на місіі, у медыцыну катастроф. Але я пакуль хачу набрацца досведу, каб прапанаваць больш сваіх ведаў і ўменняў.
Паглядзім, але думаю, што гэта была не апошняя мая місія. Мне вельмі спадабалася. Гэта была медыцына, як я сабе яе ўяўляла, калі вучылася ў медыцынскім універсітэце. Падчас працы ў камандзе мы моцна падтрымлівалі адно аднога, было шмат усцешных момантаў, хоць і сутыкаліся таксама з вельмі сур'ёзнымі рэчамі, з людскімі жыццямі, якія згасаюць, са страшнымі сацыяльнымі рэчамі, з беднасцю. Але ты рэальна можаш дапамагчы – і дапамагаеш.
Фота прадстаўленыя гераіняй матэрыялу