Выйшаў альбом на вершы беларуска-яўрэйскіх паэтаў

Выйшаў альбом на вершы беларуска-яўрэйскіх паэтаў

Выйшаў «Yiddish Veršes» – альбом песень на вершы яўрэйскіх паэтаў Беларусі, якія пісалі на ідышы ў першай палове ХХ стагоддзя.

Творы Лейба Найдуса (1890–1918), Мойшэ Кульбака (1896–1937), Ізі Харыка (1898–1937) і Абрама Рэйзена (1876–1953) пераасэнсавалі Palina, Tok Rukoo, KOOB, WTBSK, Syndrom Samazvanca, Лайтовы і Anastasia Rydlevskaya. Атрымаліся кампазіцыі на розны, але адназначна добры густ: тут і даб, і электроніка, і рэп, і арт-рок.

Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны ініцыяваў праект у партнёрстве з музычным лэйблам Radio Plato для таго, каб вярнуць у культурную прастору пласт беларускай гісторыі і творчай спадчыны, які дзесяцігоддзі несправядліва заставаўся ў цені. Прынцыповы момант: усе, хто прыклалі руку да кампіляцыі, намагаліся не проста вярнуць страчанае, а натуральна ўбудаваць яго ў сённяшні дзень.

Артысты вельмі грунтоўна падышлі да працы над праектам – і на адмысловай інстаграм-старонцы можна паглядзець іх відэадзённікі-рэфлексіі вакол твораў, якім яны далі новае прачытанне. «Пасля таго як мы з дапамогай экспертаў сабралі складанку паэтаў і вершаў, артыстам была дадзена поўная воля творчасці, – дзеліцца куратарка праекта Мая Кацнэльсон. – Яны абіралі, вывучалі, перажывалі, пераасэнсоўвалі – і шчыра дзяліліся тым, як у нейкі момант тэкст рабіўся “іх”. Усё, што атрымалася, – не стылізацыя і не рэканструкцыя, а натуральны, арганічны працяг спадчыны, якая дала новыя парасткі».

 

 

Palina

«Калі скончваюцца сэнсы і адказы, бывае тэрапеўтычна паглядзець у мінулае. Таму мне заўжды цікава ўдзельнічаць у рэтраспектыўных праектах. Я выбрала Ізі Харыка “Не жыві ў паняверцы…” менавіта з-за радка “шукай сілы на шчасце”. Простая і актуальная думка, імпульс. Музычна я хацела стварыць адчуванне радасці пасярод брутальнай манатоннай рэчаіснасці. А яшчэ мяне натхнілі заняткі хіп-хопу».

 

Tok Rukoo

«Я ўпершыню нешта запісваў не па-англійску, і тут атрымалася адразу на трох мовах: беларускай, ідышы і маёй фантазійнай французскай. Бо фраза “Sérénade Mélancolique” – яна ж быццам бы на французскай, але я нават не спрабаваў даведацца, як правільна яе вымаўляць, зрабіў хутчэй беларускую версію гучання слова».

 

Лай товы

«Як гэта часта бывае, я заходжу ў перапіску з Андрэем Курсам [беларускі бітмэйкер, з якім стала супрацоўнічае Лайтовы і шматлікія іншыя артысты. – заўв. 34] – і цудоўным чынам знаходжу той самы бiт, на які вы чуеце трэк. Мяне вельмі ўразіў сэмпл адтуль: гэта раяль. І менавіта тэма раяля, што стаіць у пустой, цёмнай, сіняй прасторы, прысутнічае ў вершы Кульбака. Усё так супала, што ў мяне пайшлі дрыжыкі. Так і з’явіўся трэк».

 

Anastasia Rydlevskaya

«Выбіраючы верш, я не адштурхоўвалася ад таго, ці рэзануе ён са мной. Я спрабавала адчуць рытм і мелодыю. Калі прачытала фразу “Howl Howl Raging Winds”, зразумела, што ўжо чую, як гэта гучыць. І толькі пасля, звярнуўшы ўвагу на сэнс, зразумела, што ён неверагодна моцна адгукаецца ў маіх вобразах і перажываннях. У гэтай сінхраніі і нарадзілася песня».

 

KOOB

«Мне вельмі спадабаўся твор. Гэта такі расслаблены, але ў той жа час палаючы мэсэдж, які мяне моцна ўразіў. Запісваць было надзвычай цікава. Я адразу зразумела, у якім кірунку хачу ісці з гэтым вершам, і ўпершыню вырашыла паспрабаваць спрадзюсаваць трэк сама. Але потым паклікала на дапамогу майго сябра – лонданскага прадзюсара Томаса Вэрэла, і ён крыху дапамог давесці яго да канца».

 

Syndrom Samazvanca

«Хацелася зрабіць нешта светлае, і нам трапіліся пераклады Ізі Харыка. Сярод іх нашу ўвагу прыцягнуў урбаністычны лёгкі верш, які і лёг у аснову нашай песні. Нам здаецца, што атрымалася перадаць настрой: вецер, трамвай, вечаровы горад, усе стомленыя ідуць, але спадзяюцца, што сілы яшчэ вернуцца – і мы зноў рушым наперад».

 

WTBSK

«Мы шмат часу правялі над гэтай песняй, вывяралі кожны гук. Хацелася, каб яна была зусім сваёй – непрадказальнай, не ў класічным рэгі ці даб-гучанні, але такой жа павольнай, светлай і добрай».

 

 

  Слухаць «Yiddish Veršes» на стрымінгах

 

Live-прэзентацыя «Yiddish Veršes» адбудзецца 13 чэрвеня ў Cvi Parkas у Вільні ў межах «Ночы культуры» (Kultūros Naktis). Уваход вольны. Івэнт у Facebook – па спасылцы.

 

Лінгвістычная даведка

У пачатку ХХ стагоддзя ідыш быў адной з моў, на якіх стваралася літаратура Беларусі. У 1920–1930-х ідыш быў дзяржаўнай мовай нароўні з беларускай, польскай і рускай. Літвацкі ідыш – паўночны дыялект усходняга ідышу – шырока гучаў у Менску, Смаргоні, Бабруйску і іншых гарадах. На ідышы адукоўвалі, выдавалі перыёдыку, ставілі спектаклі і, вядома, пісалі вершы. Масавыя савецкія рэпрэсіі, а пасля Другая сусветная вайна і Халакост знішчылі большасць беларуска-ідышскіх пісьменнікаў, а таксама іх чытачоў. І сёння Беларусь – адзіная краіна ў рэгіёне, дзе ідыш не вывучаецца і не выкладаецца ў дзяржаўных установах, а культурная спадчына па-ранейшаму чакае пільнай увагі адмыслоўцаў.

 

Візуал: © Yiddish Veršes, Belarusian-Jewish Cultural Heritage Center, Radio Plato, 2025. Фота артыстаў: KOOB – Alina Masavets, Anastasia Rydlevskaya – Timofei  Andreev.

Новый альбом Макса Коржа. Что еще послушать?

Новый альбом Макса Коржа. Что еще послушать?

Кроме нового альбома Коржа, релизы есть у Intelligecny, ЛСП и Светы Бень.

Фоторепорт: как прошла вечеринка Jager Music Awards 2021 в Минске?

Фоторепорт: как прошла вечеринка Jager Music Awards 2021 в Минске?

Фоторепортаж с ивента в поддержку независимой музыки.

Тест: классик или инди-артист?

Тест: классик или инди-артист?

Отличи стихи литератора от того, что пишут актуальные герои сцены.

Новая музыка: Zakharik, Isna Trio, Nemiga, Денис «Грязь»

Новая музыка: Zakharik, Isna Trio, Nemiga, Денис «Грязь»

Рассказываем, чем живет беларусская музыка.

Узнаешь героев беларусской музыки? Тест

Узнаешь героев беларусской музыки? Тест

Проверим, насколько ты знаешь локальных деятелей.

Как не повторять типичные ошибки начинающих музыкантов?

Как не повторять типичные ошибки начинающих музыкантов?

На что обратить внимание, пока не собираешь «Минск-Арену».

Atlas Weekend 2021: большой фоторепортаж

Atlas Weekend 2021: большой фоторепортаж

Первый большой фестиваль после пандемии.

Ласковая Май: как пишет музыку молодая минская певица?

Ласковая Май: как пишет музыку молодая минская певица?

Zlata Mai – о том, что вдохновение «не существует, а живет».

Кастян выпустил трек «Девочка с Зыбицкой»

Кастян выпустил трек «Девочка с Зыбицкой»

Бутылки звенят, футболки шуршат – вот и бит готов.