Купальскі хорар: у Анастасіі Рыдлеўскай выйшаў кліп «Isolde»

У новым музычным відэа артыстка Анастасія Рыдлеўская і рэжысёрка Madsangria паказваюць цёмны бок кароткай купальскай ночы.
Madsangria
– Для мяне кліп «Isolde» – гэта пра моцную жаночую энергетыку. Гэта гісторыя пра дзяўчыну, у якой спалох пераўтвараецца ў сілу і храбрасць. Але сама гісторыя ў кліпе для мяне – другасная. На першым месцы — адчуванні, якія застануцца ў гледачоў пасля прагляду. Мне важна, каб гэту працу адчулі.
У кліпе шмат таго, што я даўно хацела рэалізаваць, але мне заўсёды казалі: «Даша, нельга, бо 18+ моцна зніжае ахопы». У першым кліпе Насці «Dance on My Own» я толькі прыадчыніла дзверы сваіх жаданняў. А тут вырашыла расчыніць іх напоўніцу! Я зняла так, як хацела.
Анастасія Рыдлеўская
– Я непамерна радая, што кожны кліп, які мне пашчасціла стварыць з таленавітымі людзьмі, не паўтарае песню, а стварае ўласнае аўтарскае бачанне, якое ўсё ж злучаецца з маёй творчасцю чырвонымі ніткамі – вайбам і пачуццямі. Так пашыраецца мой універсум і нараджаецца трэцяя прастора паміж творчымі светамі.
Альбом «Snake Charmer» з трэкам «Isolde» выйшаў у сакавіку і быў прэзентаваны ў анлайн-стрыме на YouTube.
Варта дадаць, што Дар’я Madsangria вядомая па супрацы з лэйблам Sony Music і зняла кліпаў на сумарныя 24 мільёны праглядаў. Паслухаць падкаст пра яе шлях можна па спасылцы.