Кліп дня: вяснянка з беларускага Палесся
Гурт этнічных беларускіх спеваў «Лялея» падзяліўся вяснянкай з беларускага Палесся, да якой мастачка Дар’я Паўлючэнка зрабіла анімацыйны кліп.
«Бійтэ, дэвкі, зіму» – песня, каб прагнаць зіму ды заклікаць вясну. Разам з асноўнай мэтай у гэтай спеўнай гісторыі разгортваецца тэма вясковых гулянняў: з бубнамі пад зялёным дубам, страчанымі чаравічкамі і страхам вяртацца дадому да строгай мамы.
«Лялея» запісалі некалькі вяснянак у 2024 годзе, каб захаваць і перадаць жывую традыцыю. Цяпер у адной з іх з’явілася візуальнае ўвасабленне. Паслухаць усе спевы можна на Spotify ці YouTube (самы час!).