Relikt прэзентаваў трэк-адсылку да першага беларускамоўнага комікса

У рок-гурта Relikt выйшла кампазіцыя «Bursoniki», прысвечаная культаваму беларускаму sci-fi 90-х.
«Дзе жылі бурсонікі» – так называўся першы беларускамоўны зборнік коміксаў, які ў 1992 годзе «Юнацтва» выдала касмічным накладам 200 тысяч асобнікаў. Адзін з іх трапіў у рукі тады яшчэ школьніка, а цяпер лідара гурта Relikt Аляксандра Дземідзенкі: «Я вялікі аматар фантастыкі – незвычайных сусветаў, а ў гэтай кнізе злучыліся адразу два: беларускі і выдуманы, фантастычны. Гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём: у нас ёсць свой, непаўторны космас, які можна бясконца даследаваць. Напэўна, у дзяцінстве я сфармуляваў гэта трохі інакш, але менавіта з бурсонікаў і шляхціча Завальні пачаўся мой шлях да беларускай культуры».
Трэк «Bursoniki» увойдзе ў новы альбом Relikt, над якім працуе саўндпрадзюсар з ЗША. Альбом чакаецца да канца года.
«У гэтым альбомным цыкле мы вельмі хацелі паспрабаваць папрацаваць з новым гукарэжысёрам, – распавядае аўтар кампазіцыі, гітарыст Віталь Макшун. – З Mario Quintero мы пазнаёміліся праз яго гурт Spotlights. Мы адразу адчулі агульны рэзананс – у музыцы, арце, гучанні. “Bursoniki” паказвае больш прагрэсіўны бок музыкі Relikt – змены рытмаў, музычных памераў і танальнасцяў. Музычна гэта свайго роду падарожжа, якое развіваецца па спіралі і выходзіць на яркую кульмінацыю ў фінале. Праца з Марыё была вельмі камфортнай: мы даверыліся яго бачанню, і вынік пераўзышоў нашы чаканні».
Слухаць «Bursoniki» на стрымінгах