“Усе ілгуць” – кажа мудры доктар Хаўз. Тым часам добры доктар Айбаліт моўчкі ратуе жыццё ўсім ахвотным. А сотні юнакоў і дзяўчат сядзяць па хатах і мараць стаць ці доктарам Хаўзам, ці доктарам Айбалітам. Чым толькі іх ні пужалі: і заробак нізкі, і праца няўдзячная, і размеркаванне ў Ёцавічы на трыццаць гадоў – усё роўна бяруцца аднекуль маладыя доктары і доктаркы, а медыцына трымаецца ў топе самых папулярных прафесій.
Фадзі ШААБАН: “У медыцыну іду не людзей ратаваць, а займацца навукай”.
Фадзі – вучань 11 класа, абітурыент БДзМУ.
У медыцынскай ВНУ намазана мёдам? “Мне проста падабаецца медыцына. І не толькі мне – бацькі ў мяне таксама абодва медыкі, так што мая дарога зразумелая. Яны, канешне, мяне падтрымліваюць. Але і мне самому гэтая праца падабаецца – не толькі тым, што можна людзей лячыць... Можа, нават і зусім не гэтым. А тым, што можна займацца навукай. Таму што медыцына – гэта таксама навука. Я яшчэ не на сто працэнтаў вырашыў – можа усё ж такі на хімічны факультэт БДУ пайду, але больш верагодна, што ў мед. Таму што там самы высокі ўзровень адукацыі і выйду я адтуль сапраўдным спецыялістам”.
Будучыня светлая, як доктарскі халат? “Пра будучае яшчэ рана думаць, спачатку паступіць трэба, потым адвучыцца, а там паглядзім. Але часцей за ўсё мінчукоў размяркоўваюць у Мінск, так што Хойнікі мяне не пужаюць. У Мінску нармальную працу доктар заўсёды знойдзе”.
Таня ВАЛУЕВІЧ: “Трэба прайсці інтэрнатуру + 2 гады размеркавання і валіць падалей з гэтай дзяржавы”.
Таня – вось-вось-вось амаль што выпускніца БДзМУ. Факультэт – педыятрыя, кафедра рэаніматалогіі.

Чаму медыцына? “У школе шмат думала: куды пайсці, кім быць – юрыстам, эканамістам? Потым дакладна вырашыла – буду доктарам! Заўсёды падабаліся прыродазнаўчыя навукі, тым больш прафесія высакародная – дапамагаць людзям! Ну, і дыплом – гэта толькі пачатак. Трэба яшчэ доўга вучыцца, усё жыццё. І добра, што шмат спецыялізацый, калі не спадабаецца адзін напрамак, можна перакваліфікавацца. Калі паступіла, было шмат радасці і хвалявання”.
І што ўнівер? “Ва ўніверсітэце адразу ж зразумела, што гэта – маё. Усё вельмі падабалася, вучыцца не вельмі складана, да і не спаць па начах – звыкаешся. Адзінае – зашмат непатрэбных гуманітарных прадметаў. Усё чакала, калі пачнецца практыка. А практыка расчаравала: вось калі бачныя ўсе дзіркі ў сістэме, адукацыі і медыцыне. Усё больш людзей пачынае пытацца, навошта ты ўвогуле пайшоў у медыцыну? Нізкі заробак, няправільная сістэма, дурное начальства, няўдзячная праца, хамскія адносіны з боку грамадства...
З першага курсу мяне вабіла навука, сёння за плячыма шмат прац, публікацый, выступленні і перамогі на канферэнцыях, у Германіі, Славакіі, Расіі. Дыпломы, алімпіяды, лаўрэатства на дзяржаўным конкурсе. Але ўсё гэта толькі за свой кошт, універу нібы ўсё роўна, нават надбаўку якую не заплацяць. Толькі ў газеце потым можна прачытаць, як чый-небудзь блатны сынка паехаў на стажыроўку ад універсітэту...”
І размеркаванне, канешне ж. “Вы, пэўна, чулі пра размеркаванне ў публікацыі нашага былога рэктара. Нічога не можа быць гарантавана – нават калі ўнівер усё зробіць “па чэсці”, потым з’явяцца людзі з міністэрства – і ўсё, хана. Але ж, мабыць, у гэтым годзе ўсё будзе больш сумленна. Хаця большасць усё роўна накіруюць у паліклінікі па месцы жыхарства. Ніхто не глядзіць на твой бал, калі прыехаў з раёну – ты абавязаны туды вярнуцца. А так трэба прайсці інтэрнатуру + 2 гады размеркавання і валіць падалей з гэтай дзяржавы. Чула ад калег, што праз 10 год з выпуску ў медыцыне застаецца 2 чалавекі з групы ў 15 чалавек. І яшчэ нехта ад’язджае за мяжу. Не дзіўна, што набор усе павялічваюць, а дактароў патрэбна ўсе больш і больш”.
Наташа ГАРАБЕЦ: “Ненавіджу людзей, якія ныюць, што ім дрэнна, толькі каб паваляцца ў бальнічцы”.
Наташа – медсястра, выпускніца Слуцкага медыцынскага вучылішча 2008 года.

Чаму мед? “Пайшла ў медвучылішча таму, што маці так сказала. Ну і, канешне, думала, што буду мегамедсястрой, буду ратаваць жыццё кожны дзень і насіць такі белы кароценькі халацік. Ну, халацік зараз і сапраўды нашу... Яшчэ ў мяне была цётка медсястрой, таму маці і палічыла, што прафесія – годная. Мне было пофіг, я калі паступіла, то сказала: “я там вучыцца не буду”. Але куды дзенешся...
А потым нават і спадабалася. Стыпендыю плацілі ў час, прадметы некаторыя былі цікавымі і мяне забаўлялі. Тыя ж хірургія ці мікрабіялогія – столькі ўсяго нечаканага! А вось педыятрыю не любіла – ведала, што з дзецьмі працаваць ніколі не буду, гэта зусім не маё”.
Што па выніку? “Уладкавалася на працу ў Мінск, год адпрацавала ў інстытуце траўматалогіі, зараз працую ў шостай клінічнай. Праца... калі як. Мне цікава, але больш падабаецца ідэя ўсе-ж такі ўладкавацца куды-небудзь у тату-салон і рабіць там пірсінг. Таму што мяне вунь на працы ўвесь час то за пазногці, то за завушніцы лаюць. Зараз дам інтэрв’ю, і пайду пазногці пілаваць, а то зволяць... А ў салоне такога б не было.
Ну і яшчэ ненавіджу людзей, якія ныюць, што ім дрэнна, толькі каб паваляцца ў бальнічцы. Вы не паверыце, колькі такіх да нас звяртаецца! Ты кажаш: “у вас усё добра”, - а яны: “ну, міленькая, ну правер яшчэ разік, у мяне тут нешта ў баку крышачку паколвае, калі я вось так сяду. Мабыць, трэба паляжаць у вас дзень-другі?” Калі б не гэтыя гультаі, было б нашмат цікавей і прыемней працаваць”.
***
Святлана КАРАСЦЯЛЁВА: “Урач павінен працаваць у двух розных месцах, каб нешта зарабляць”.
.jpg)
Святлана раіць медыкам ісці... прадаваць лекі. Яна ведае, што кажа, бо яна – дырэктар кадравага агенцтва “Квадрат”.
Куды ісці чалавеку з медыцынскай адукацыяй? “Медыкі запатрабаваныя ў дзяржаўным сектары і па рэгіёнах. Вельмі мала людзей, якім удаецца распачаць уласную практыку. Канешне, лепшыя ўмовы ў дзяржаўных клініках. Але ўрач павінен працаваць у двух розных месцах каб нешта зарабляць. Вось і працуе большасць колькі дзён у паліклініцы, і колькі дзён – у прыватнай клініцы. А зарабляе, канешне, у прыватнай. Большая частка заробку, ясна, гэта падзякі ад пацыентаў.
Вельмі запатрабаваная сёння прафесія – медыцынскі прадстаўнік. Гэта такі напаўмэнэджэр, які праводзіць канферэнцыі, піар-акцыі і прадае нейкія лекі. Зарабляе ён ад $700 плюс працэнт (плюс яму на працы выдаюць ноўтбук, аўто і тэлефон). Ну, і можна зарабляць да $2.000, і нават больш. Але тут трэба разумець, што падабаецца больш – прафесія доктара ці праца ў продажы. Бо медыцынскім прадстаўніком возьмуць і маладога медыка, а вось пасля ў якасці доктара ён ужо нікому не спатрэбіцца".
Каментары
Аўтар: Тищенко (госьць)
Дата: пан, 03/01/2010 - 14:20
ах какая медсестра!
Аўтар: romantik (госьць)
Дата: пан, 03/01/2010 - 17:20
Таня ВАЛУЕВІЧ: “Трэба прайсці інтэрнатуру + 2 гады размеркавання і валіць падалей з гэтай дзяржавы”.
Объективно смотрит на вещи.
Таму што мяне вунь на працы ўвесь час то за пазногці, то за завушніцы лаюць. Зараз дам інтэрв’ю, і пайду пазногці пілаваць, а то зволяць...
Советске облико морале.
Девчонки на фото просто сногсшибательные!