Такім чынам, з 1 ліпеня 2010 года мы зажывем ў благаснай інтэрнэт-ідыліі. У якой ніхто не крадзе, не пляткарыць, не зласловіць і дзе няма сэксу і бясплатных mp3.
“Амаль як у Кітаі”, - кажуць тыя, хто “за”, і тыя, хто “супраць” кантролю над нэтам. А хто ведае, як сапраўды адбываецца інтэрнэт-кантроль у Кітаі?
СЛОВЫ-ВЕРАБ’І
Пакажыце лоха, які яшчэ не ведае, што такое “Залаты шчыт”?

Гэтак званы “Вялікі кітайскі фаеруол” - гэта сістэма фільтру ўсяго інтэрнэт-трафіку на прадмет ключавых словаў. “Шчыт” адсочвае “айпішнікі”, улазіць у паштовыя скрыні і інш.
Палова бяды, калі вас злавілі на слове “цыцкі” (спадзяемся, нас саміх за гэта не забаняць!). Аднак у спіс забароненых тэмаў уваходзіць і “гомасэксуалізм” (ну, гэта ўжо занадта) – разам з прагназуемымі “Тайвань”, “Тыбет”, “Цяньяньмынь 1989”. І ўрэшце, “Фалунгун” – нешта кшталту секты па нетрадыцыйных метадах аздараўлення, якую кітайскія ідэолагі зрабілі “казлом адпушчэння” па справах тэрарызму.
Адна з найнаглейшых мераў кантролю, супраць якой узбунтаваліся нават кітайцы – абавязковы софтGreen Dam. Яго ты сам абсалютна дабраахвотна ўсталёўваеш на ўласны комп. Green Dam мае базу забароненых сайтаў, якая рэгулярна абнаўляецца з дзяржаўных крыніцаў. Загад усім “абараніцца” прыйшоў летась у траўні і выклікаў столькі абурэння, што ўлады змякчылі пазіцыю: “Мы не загадваем, а раім…”
ЦАНА ДЫСІДЭНТА
У Кітаі праблемы не толькі ў Google з Yahoo!
Google з Yahoo штодня клянуць дзень, калі ім да галавы прыйшла думка, быццам з кітайцамі можна рабіць бізнэс па-чэснаму. У 2007 годзе група праваабаронцаў засудзіла Yahoo за тое, што яны выдалі ўладам інтэрнэт-актывіста Ван Сяонін. “Мы ж не ведалі, што яго пасадзяць у турму і будуць катаваць!” – наіўна апраўдваліся Yahoo. Каб не паўтарыць памылак канкурэнта, Google зараз таксама вяла скандаліць з кітайцамі. Маўляў, вы прымусілі нас увесці цэнзуру на наш пошук, аднак мы самі супраць гэтага і вось-вось яе адменім… Аднак – не адмяняюць!
Акрамя амаральных “цыцкасховішчаў”, у Кітаі рэгулярна блакуюць амаль усе сацыяльныя сеткі ды сэрвісы – Livejournal, YouTube, Facebook, Twitter. Абазнаныя юзеры ўсё адно знаходзяць на іх выйсце, аднак “чайнікам”, прызнацца, нязручна. Даходзіць да смешнага: у Кітаі збіраюцца забараніць “Вясёлую Ферму”! Яна, маўляў, выклікае гульнёвую і інтэрнэт-залежнасць. Тут, дарэчы, хочацца з кітайцамі пагадзіцца.
ХАКЕРЫ ПАД ЧЫРВОНЫМ СЦЯГАМ
Калі Google, Times або CNN не слухаюцца кітайцаў, тыя іх караюць. Мо, не заўсёды эфектыўна, але эфектна.

У 2001 годзе на кітайскай мове быў выдадзены падручнік “Неабмежаваныя прыёмы вядзення вайны”. У ім прыярытэтнае месца займаюць такія прасунутыя метады, як “электронная вайна”, “вайна ў інфармацыйных сетках” і нават “віртуальная вайна”.
Не паверыце: кітайскі ўрад нават мае кіберармію! Гэтак званы “Альянс чырвоных хакераў” рэгулярна вербуе дзесяткі тысяч дабраахвотнікаў дзеля адрасных атак на заходнія інтэрнэт-смі.
Аднак яшчэ страшнейшыя – праплочаныя “засланцы”, якія флэймяць на форумах у падтрымку афіцыйнай ідэалогіі. Як толькі ў вэбе з’яўляецца фота, на якім кітайскія грамадзяне не выглядаюць дастаткова шчаслівымі, або кіно, у якім фігуруюць жабракі ці гастарбайтэры, або іншыя мясцовыя беды, як у каментах пачынаецца жорсткі тролінг. “Гэта ўсё няпраўда і нагаворы, мы ганарымся сваёй Айчызнай! У нас няма жабракоў! Нашыя інваліды ездзяць на персанальных аўто! Нашыя дзеці – кветкі жыцця, нашыя школы – палацы навукі, нашыя лякарні – рай на зямлі!”
Вось такая яна, кітайская свабода слова, - вярзці любую лухту і атрымліваць за гэта грошы?..
Каментары
Аўтар: BadCop (госьць)
Дата: аўт, 02/09/2010 - 16:11
спасибо. будем сравнивать.